Пахаванне журналіста Дарэнкі адкладваецца: ёсць падазрэнні, што яго атруцілі
Пахаванне расійскага журналіста Сяргея Дарэнкі, загінулага 9 траўня, пакуль адкладваецца. Яго цела будзе накіраванае на новую судова-медыцынскую экспертызу, якая мае высветліць, ці не быў ён атручаны. Яшчэ раз праверыць прычыны смерці прасіла дачка Дарэнкі, паведамляюць расійскія СМІ.
Цырымонія развітання павінна была адбыцца сёння, 12 траўня, аднак паліцыя забараніла выдаваць цела журналіста яго другой жонцы Юліі. Судмедэксперты кажуць, што звычайна хімічнае даследаванне робяць тры тыдні, але ў гэтым выпадку яго абяцаюць максімальна паскорыць.
Раней дочкі Сяргея Дарэнкі ад першага шлюбу Ксенія і Кацярына заявілі, што журналіст мог быць атручаны.
Паводле афіцыйнай версіі, якую агучылі па выніках першай судова-медыцынскай экспертызы, публіцыст памёр у выніку разрыву аорты. Журналісту стала дрэнна падчас паездкі на матацыкле ў цэнтры Масквы.
Сяргею Дарэнку было 59 гадоў.