Паліцыя Нью-Ёрка ўзнагародзіла беларуску, якая выратавала чалавека
Настасся Горбань (у цэнтры) у 108 участку паліцыі Нью-Ёрка
Беларуска Настасся Горбань атрымала падзяку ад паліцыі Нью-Ёрка за "надзвычайную смеласць, спагадлівасць, чалавечнасць, імгненную ацэнку сітуацыі і прыняцце мер для выратавання жыцця чалавека". Узнагароджанне прайшло ў 108-м участку паліцыі. Пра гэта распавядаецца на старонцы беларускай дыяспары ў ЗША ў Facebook.
Падчас прабежкі 20 жніўня Настасся ўбачыла на мосце паміж Бруклінам і Квінсам дзяўчыну, якая сядзела на краі моста і трымалася за парэнчы. Адчувалася, што дзяўчына хацела пакончыць з сабой. Настасся паспрабавала загаварыць з ёй, але тая не рэагавала. А потым раптам адпусціла рукі і пачала падаць. Але беларуска паспела яе схапіць — праўда, за нагу. Але здолела ўтрымаць да прыезду паліцыі, "якую, верагодна, выклікаў хтосьці з мінакоў", распавялі ў дыяспары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.