Палітолаг Дзяніс Мельянцоў: Украіне проста выкруцілі рукі

Расія атрымала больш выгады ад мінскіх перамоў “нармандскай чацвёркі”. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў беларускі аналітык Дзяніс Мельянцоў. Па яго словах, Расія прасунула сваё патрабаванне пра спецыяльны статус для мяцежных тэрыторыяў Украіны.

Мельянцоў адзначае, што Украіна паводле пагаднення абавязваецца браць на сябе сацыяльнае забеспячэнне, але пры гэтым, “ДНР” і “ЛНР” могуць узаемадзейнічаць з Расіяй па сваёй ініцыятыве. Усё гэта выглядае так, быццам “Украіне проста выкруцілі рукі”.

Еўропа з’яўляецца тым бокам, якому неабходна завяршыць гэты канфлікт як мага хутчэй і не дапусціць яго разрастання. Калі будзе магчымасць хуткага заканчэння гэтага канфлікту, Еўропа можа паступіцца інтарэсамі Украіны, мяркуе аналітык.

На думку эксперта, па выніках саміта бокам, які прайграў, з’яўляецца Украіна. Мінскае пагадненне ён называе нявыгадным для Украіны. На пытанне, што з пагаднення будзе выканана, а што — не, Мельянцоў адзначыў:

Мельянцоў: “Гарантаваць выкананне дамоўленасцяў вельмі складана. Наогул немагчыма. Ёсць вялікая верагоднасць што яны, як і першыя мінскія дамоўленасці, будуць ігнаравацца. На цяперашні момант мы не ведаем, якія ў гэтым пагадненні закладзеныя гарантыі імплементацыі. Інакш кажучы, невядома, якія санкцыі чакаюць парушальнікаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі