Палітолаг: Сцэнарыяў можа быць два — еўразона знікае або трансфармуецца

Роўна два гады таму ўступіла ў моц Лісабонская дамова, якая стала заменаю канстытуцыі. Яна прадугледжвае шэраг рэформаў, галоўная мэта якіх — палепшыць структуру кіравання Еўразвязу з улікам яго пашырэння і аптымізаваць механізм прыняцця рашэнняў. У Лісабонскай дамове таксама прадугледжана магчымасць выхаду той ці іншай краіны з Еўрасаюза.

111201 Lagvinec_site.mp3


Еўрарадыё: Лісабонская Дамова, якая замяніла канстытуцыю, што стала першым правалам еўраінтэграцыі, ужо давала нагоду, каб пра гэта размаўляць. З намі на сувязі палітолаг Алесь Лагвінец. Можа адразу я задам вам пытанне глабальнае: вы еўрааптыміст ці еўрапесіміст?


Лагвінец: Я – еўрарэаліст. Еўрапейская інтэграцыя стварае магчымасці для краін, але і робіць ім выклікі. Нельга адназначна сказаць, што ёсць лінейная зададзенасць – куды прыйдзе Еўрапейскі Саюз. Гэта – вынік узаемадзеяння, гэта – вынік кампрамісу, гэта –вынік адмаўлення ад пэўных рэчаў, звязаных з нацыянальным суверэнітэтам.

Еўрарадыё: Спадар Алесь, вы ўзгадалі пра адмаўленне ад пэўных рэчаў, звязаных з нацыянальным суверэнітэтам. Шмат кажуць пра тое, што Еўрасаюз гэта – такі інтэграцыйны праект, удзельнікі якога карыстаюцца супольнасцю, пакуль усё добра, а калі ўсё дрэнна – мы тады “хаваемся па норах” – у межы нацыянальнай дзяржавы. Гэта з’ява і стала, нібы, крызіснай. Ці сапраўды гэта так, на вашу думку?


Лагвінец: Да сённяшняга моманту еўрапейская інтэграцыя давала пазітыўныя вынікі для ўсіх. Толькі з шасці краін Еўрапейскі Саюз павялічыўся да дваццаці сямі. На сёння ніводная краіна не выйшла з Еўрапейскага Саюзу. Кожная краіна, якая з’яўляецца дэмакратычнай і суверэннай, – бо суверэнітэт не да канца аддаецца, суверэнам усё адно з’яўляецца народ – бачыць выгаду ў сваім удзеле ў інтэграцыйных працэсах.

Магчыма, што некалі якаясьці краіна захоча выйсці з Еўрасаюзу, але гаворка не пойдзе пра Еўрасаюз, як такі. Магчыма, пэўныя краіны, як, напрыклад, Грэцыя па нейкіх прычынах могуць выйсці з пэўных інтэграцыйных ініцыятыву, як, напрыклад, зона еўра – такая верагоднасць ёсць. Але я не думаю, што саму пляцоўку ўзаемадзеяння дваццаці сямі краін нейкія краіны хацелі б пакінуць, бо існаванне такога форуму, яго шматлікіх механізмаў – вельмі важнае для таго, каб разам вырашаць свае праблемы. Гэта вельмі выгадна для кожнай краіны. Таму нашы суседзі з Цэнтральнай Еўропы так дамагаліся прыняцця ў Еўрапейскі Саюз.

Еўрарадыё: Вы слушна заўважылі пра супольнае вырашэння праблем, бо я маю такое ўражанне, што Еўрасаюз існаваў дастаткова нармальна, пакуль не даходзіла да супольнага вырашэння праблем. Шмат аналітыкаў кажуць, што няма супольнай знешняй палітыкі Еўрасаюзу, што асобныя яго ўдзельнікі і так “прабіваюць” нейкія ўласныя інтарэсы недзе па-за супольнасцю. А ў момант, калі інтэграцыйны працэс падыходзіць да таго, каб стварыць інстытуты, якія будуць кіраваць Еўрасаюзам, як супольнасцю, мы бачым скептыцым і непрыняцце гэтага. Так было з канстытуцыяй Еўрасаюзу. Ці Еўрасаюз можа функцыянаваць толькі на цяперашнім узроўні свайго развіцця або, можа, ёсць у яго шанцы ператварыцца ў такія “Злучаныя штаты Еўропы”?


Лагвінец: “Злучаныя штаты Еўропы” – гэта мара многіх еўрапейцаў. Я не думаю, што бліжэйшым часам Еўрасаюз зможа наблізіцца да гэтай мары. Некаторыя людзі сапраўды бачаць інтэграцыю, як працэс язды на ровары – калі круціш педалі, гэта рухаецца, калі спыняешся – ровар далей не едзе. Я б не абсалютызаваў пытанне правядзення вонкавай палітыкі, як праяўленне кепскага стану Еўрасаюзу.

У іншых сферах інтэграцыя пайшла нашмат далей. Гэта, напрыклад, – усё , што тычыцца пытання ўнутранага гандлю; гэта і палітыка Еўрапейскага цэнтральнага банка. Апошнім часам у сферы грашовай палітыкі Еўрасаюз мае найбольш выклікаў. Некаторыя даследчыкі прадказваюць спыненне інтэграцыі, кажучы пра тое, што цяпер Еўрасаюз знаходзіцца ў небяспецы найбольшага крызісу, які некалі стаяў перад еўрапейскай інтэграцыяй.

Сцэнарыяў можа быць два: або еўразона увогуле знікае, або адбываецца пэўная трансфармацыя. У зоне еўра можа застацца шэраг краін Паўночнай Еўропы, а краіны Ўсходняй і Паўднёвай Еўропы зноў могуць вярнуцца да сваіх нацыянальных валют. У тых краінах, якія застануцца ў еўразоне, магчыма, узнікне яшчэ шчыльнейшая інтэграцыя і супрацоўніцтва у сферы не толькі грашовай, але і фіскальнай палітыкі. Бюджэты гэтых краін будуць больш узаемапрымальныя, больш кантралюемыя праз агульныя ўстановы Еўрасаюзу.

Еўрарадыё: Цяпер цяжка сцвердзіць, які сцэнар рэалізуецца – аптымістычны, ці песімістычны. Беларускія апазіцыйныя палітыкі часта выкарыстоўваюць праект еўрапейскай інтэграцыі для Беларусі ў сваіх палітычных праграмах. А ў кантэксце крызісу ў Еўропе, які ужо выкарыстоўваюць дзяржаўныя СМІ для прапаганды, ці будзе еўрапейская інтэграцыя прывабная для беларусаў?


Лагвінец: Пачнём з анекдота. У шасцідзесятыя гады Мікіта Хрушчоў казаў, што Амерыка загнівае. Людзі ж адказвалі, што загнівае, але ж як прыгожа загнівае! Таму, калі мы кажам пра крызіс у Еўрасаюзе, мы кажам пра крызіс дзяржаўных бюджэтаў некаторых краін. Гэта не крызіс усёй сістэмы капіталізму. Еўрапейскія грамадствы гэта, збольшага, заможныя грамадствы. Праблема заключаецца ў тым, што дзяржаўныя бюджэты гэтых грамадстваў былі занадта шчодрымі. Сёння ж дзяржава не ў стане выконваць тыя абавязкі, якія яна ўзяла на сябе. Ва ўмовах дэмакратыі правесці балесныя рашэнні даволі складана, але ў Еўрасаюза ёсць шанцы вырашыць праблему праз “зацісканне паясоў” для многіх катэгорый грамадства. Я лічу, што Захад у стане адаптавацца да сітуацыі, зважаючы і на дэмаграфічныя выклікі, на выклікі з боку больш развітых краін.

У Беларусі сітуацыя іншая. Наша грамадства не такое заможнае, дый наша дзяржава не такая багатая. Больш за тое  - наша дзяржава была б сёння банкрутам, калі б не знешняе фінансаванне. Магло б узнікнуць пытанне наконт наогул здольнасці дзяржавы, адказваць на запатрабаванні грамадства. Калі мы кажам пра еўрапейскую мадэль суадносінаў паміж грамадзянамі і дзяржавай, думаю, што беларусаў гэтая мадэль па-ранейшаму прыцягвае. Можа, беларусы хацелі б атрымліваць такія высокія заробкі, як некаторыя атрымліваюць у Маскве, але беларусаў інстынктыўна цягне да больш паважлівага стаўлення дзяржавы да сваіх грамадзянаў, да таго, што можна пабачыць у Еўропе. Беларусаў інстынктыўна цягне да таго, каб дзяржава мела чалавечы твар, а не проста акумулявала ўсе рэсурсы дзеля дасягнення невядома якіх мэтаў, як казаў прэзідэнт Расіі Мядзведзеў, каб пашыраць свой уплыў і сваю геаграфію. Беларусаў гэтыя апошнія далёкаідучыя ідэі наўрад ці мабілізуюць.

Беларусы – людзі, які жывуць сваім, можна нават сказаць, местачковым, жыццём, але яны хочуць яго ўпарадкаваць. Выклік для Беларусі, гэта тое, каб грамадзяне сталі больш адказнымі самі да сябе разам з дзяржавай, але і незалежна ад дзяржавы. Крызіс у Еўропе і крызіс у Беларусі – зусім розныя, непараўнальныя рэчы. У сённяшнім Еўрапейскім Саюзе крызіс збольшага фінансавы, звязаны з публічнымі дзяржаўнымі фінансамі. У Беларусі ж ёсць некалькі крызісаў, якія спалучаныя. У нас яшчэ не ўтварыўся ўласнік, бо дзяржава па-ранейшаму дамінуе. У нас не ўтварыўся грамадзянін, бо людзі вельмі шмат чаго чакаюць ад дзяржавы, а дзяржава адмыслова стварае залежнасць людзей ад палітычнай улады. Яна гэта робіць заміж таго, каб даць людзям самім вырашаць і стварыць пэўныя механізмы і правы. І самае галоўнае і гэта – таксама частка еўрапейскай мадэлі: у нас не ўзнік яшчэ сапраўдны беларус, не ўтварылася нармальная палітычная нацыя, дзе б грамадзяне ганарыліся сваёй беларускасцю, мелі саматоеснасць, не цураліся яе, не атаясамлівалі сябе з усходнім ці заходнім суседам.

Спалучэнне гэтых выклікаў для Беларусі робіць нашу сітуацыю, на жаль, больш складанай, але ўсё ж такі, я думаю, што яна – вырашальная. У дадзеным выпадку, застаючыся прыхільнікам еўрапейскай мадэлі для Беларусі, лічу, што без шчыльнага супрацоўніцтва з краінамі Еўрсаюзу – дарма што тыя цяпер і перажываюць крызіс – Беларусі складана будзе адказаць на выклікі, якія стаяць перад ёю сёння. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі