Палякі знайшлі ў фуры з Беларусі разам з вуглём 50 тысяч пачак цыгарэт (фота)
Польскія мытнікі знайшлі ў фуры з Беларусі, якая везла мяхі з драўняным вуглём для барбекю, 50 тысяч пачак цыгарэт. Здарэнне адбылося на памежным пераходзе ў Кузніцы. Палякі заўважылі цыгарэты гродзенскай вытворчасці падчас сканавання груза. Яны былі схаваны ў некаторых мяхах з вуглём. Фурай кіраваў 34-гадовы мужчына.
Як адзначае прэс-служба польскай мытнай службы ў Беластоку, для таго, каб разгрузіць грузавік (у ім было 3650 мяхоў) і падлічыць кантрабанду, спатрэбіліся 2 дні. Нелегальны груз ацанілі на суму 170 тысяч долараў. Яго, як і аўтамабіль, затрымалі. Праводзіцца расследаванне.
Папярэдняя спроба правозу ў Польшчу кантрабандных цыгарэт з Беларусі, схаваных у драўняным вуглі, была зафіксаваная ў Кузніцы ў ліпені. Тады палякі знайшлі 67 500 пачак цыгарэт.