Памерла праўнучка Францішка Багушэвіча

Крыстына Шманьда

Крыстына Шманьда / Белсат

У Варшаве памерла Крыстына Шманьда — праўнучка класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў журналіст Віктар Шукеловіч.

Крыстына Шманьда нарадзілася ў 1932 годзе ў леснічоўцы Падзялёная пад Смаргонню. Яе маці — Станіслава Тамашэўская — была сярэдняй дачкой Тамаша Багушэвіча, сына паэта Францішка Багушэвіча.

У сямігадовым веку дзяўчынка разам з маці і братам была высланая ў Сібір — пасля прыходу бальшавікоў у Заходнюю Беларусь.

"Калі Крыстыне было 7 гадоў, яе разам з маці і братам бальшавікі выслалі ў Сібір. Большасць яе ўспамінаў з тых часоў была пра ежу: пра дзікую моркву на лузе, кіслую капусту, сланечнікавы жмых з фабрыкі алею, ляндрынку ад суседа, якая тады здалася ёй найвялікшым смакоццем у свеце", — піша Шукеловіч.

З Сібіры Тамашэўскія змаглі выбрацца ў 1942 годзе, калі ў СССР падчас Другой сусветнай вайны фармавалася польская Армія Андэрса. Спачатку яны пераехалі ў Персію, а адтуль — у Індыю. Толькі ў 1947 годзе Станіслава Тамашэўская з дзецьмі змаглі выехаць у Польшчу, дзе іх чакаў муж і бацька — Юзаф Тамашэўскі. Падчас вайны ён змагаўся ў Арміі Краёвай на Ашмяншчыне, а потым выехаў у Польшчу на землі, атрыманыя ад Германіі.

Пасля заканчэння хімічнага факультэта ў Познані Крыстына разам з мужам, хімікам і музыкам, перабралася ў Варшаву. Тут яна працавала настаўніцай хіміі ў школе.

Дарэчы, ніхто з непасрэдных нашчадкаў Францішка Багушэвіча ў Беларусі цяпер не жыве. Некаторыя з іх жывуць у Польшчы, а частка выехала ў ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі