Памідораў: Басовішча - недарэчнасць пад выглядам музыкі маладой Беларусі

Сёлетні фестываль Басовішча, які прайшоў у польскім Грудку з 22 па 24 чэрвеня, зноў выклікаў шмат размоваў. Незадаволенымі імпрэзай засталіся не толькі музыкі але вялікая колькасць наведвальнікаў. Чаму з кожным годам калісьці культавы фестываль страчвае папулярнасць і ўсё больш беларускіх музыкаў плююцца пасля ўдзелу ў ім, мы даведаліся ў журналіста, шоў-мэна, ды музыкі Аляксандра Памідорава.

Аляксандр, калі ты трапіў на Басовішча ўпершыню, і што цябе больш за ўсё ўразіла?

Аляксандр Памідораў: Годзе ў 97-м, напэўна. Тады мяне ўразіла... вольны дух там гуляў, нейкае такое братэрства было там. Цікавыя гурты выступалі. Заўсёды прыязджалі выступаць нейкія знакавыя польскія персоны. Быў такі драйв. Усе былі адно, усе былі ў аднолькавых умовах і ўсе ўсё гэта стваралі ды падтрымлівалі. Хаця ў тыя часы даводзілася чуць ад, так бы мовіць, стараслужачых, што гэта ўжо не тое Басовішча, што гэта ўжо заняпад.

А колькі разоў і ў якіх статусах ты быў на Басовішчы?

Аляксандр Памідораў: Я вёў гэты фестываль 5-6 разоў запар, адзін раз я прыязджаў толькі як артыст, потым як артыст і вядучы. І ў, здаецца, 2007-м годзе я сказаў, што ўсё, не мае сэнсу гэтым займацца. Прабачце, але ні граць ні выступаць у якасці вядучага на фестывалі больш не буду, толькі за велічэзныя грошы.

Чаму? Якія змены адбыліся за апошнія гады?

Аляксандр Памідораў: Калі я сутыкнуўся з арганізацыяй, то бок быў запрошаны ў якасці вядучага, збольшага усе праблемы мы вывучылі. Першая праблема звязаная з умовамі для музыкаў і іх выездам за межы Беларусі. Потым праблемы звязаныя з ганарарам, з конкурсным адборам… Вырашалі гэта яшчэ пры старэйшых БАСАндрэі Карчэўскім, Ілоне Карпюк, Радэку Дамброўскім. І ў 2004 годзе прайшоў першы фестываль без польскіх хэдлайнераў, бо бракавала грошай. Была зроблена стаўка на беларускіх музыкаў, на N.R.M. і Neuro Dubel, здаецца. І літаральна ніхто не заўважыў, што не было польскіх хэдлайнераў. Фестываль прайшоў на якаснейшай ноце, амаль не было ніякіх хібаў, ці там хітрыкаў у арганізацыі, усё працавала як гадзіннік. Але, на жаль, пасля гэтага фэсту ўсе сказалі, маўляў, які добры ў нас фэст атрымаўся, можна класціся спаць! І зноў ком паляцеў з гары. Мне падаецца, што асноўныя праблемы гэтага фестывалю нікуды не знікалі.

Асноўныя праблемы палягаюць на тым, што займаюцца гэтай справай непрафесіяналы. Двухгадовая ці гадавая ратацыя кадраў у БАС-е прыводзяць да таго, што людзі, якія займаліся гэтым фестывалем некалькі гадоў запар, зараз адышлі. Цяпер штогод фестываль робяць новыя людзі, якія не ведаюць, што з ім рабіць. Яны ладзяць гэты фэст з пункту гледжання звычайнай пілігрымкі альбо купалля: выехалі ў лес на рэчку і зрабілі такі студэнцкі сабантуйчык. А гэта ж фестываль з гісторыяй, у свае часы ён збіраў больш за 15 тысяч наведвальнікаў. Я бачыў гэта, калі на Басовішчы выступаў гурт Kult. А зараз вельмі прыкра глядзець на тое, што ў другі дзень фестывалю людзей менш, чым у першы дзень. І тое, што адбываецца вакол фестывалю, звязанае з аховай, з намётавым мястэчкам, з тым, каб паесці было что-небудзь, выпіць таго ж піва, плюс яшчэ і фінансавыя рэчы… людзі дамаўляюцца, прыязджаюць, іх сустракаюць і кажуць: “Як добра, што вы даехалі, але ведаеце, нам няма чым вам заплаціць!” І ў гэтым годзе было проста шмат паказальных рэчаў.

Вось дарэчы! А зараз што адбываецца з фестывалем?

Аляксандр Памідораў: Як я і казаў, гэта фестываль з 22-х гадовай гісторыяй, а пасля закрыцця “Рок-кола” гэта яшчэ і адзіны ў свеце беларускамоўны збольшага рок-фэст. У яго даволі размытая назва: “Фестываль музыкі маладой Беларусі”, а таму там няма дакладна вызначанага фармату. Нельга сказаць, што гэта дакладна рок-фестываль, ці арт-фестываль ці нешта такое. Але апошнія два-тры гады арганізатары спрабуюць зрабіць яго нейкім уніфікаваным ды ўціснуць туды і арт, і фолк, і нейкае кіно, і нейкія шкаленні і ў выніку адбываецца нейкая салянка не вельмі добрай якасці.

Яшчэ даўно казалі, што можа не варта гэтым займацца студэнтам, бо даводзіцца чуць ад арганізатараў, дарэчы і сёлета таксама, што, маўляў, мы маладыя людзі, у нас не ўсё атрымліваецца… Ну, як не ўсё атрымліваецца? Вы ж займаецеся гэтым ужо колькі гадоў! Спадарыня Кася Кузьміч была валнцёркай на фестывалі яшчэ 5-6 гадоў таму, але яна сядзела ці ў інфа-кіёску, ці на гандлі кашулямі ды сувенірамі, і ўвечары каля адзінаццатай-дванаццатай ішла спаць. Дарэчы, гэта яна выдатна прадэманстравала ў мінулым годзе як арганізатарка. Былі нейкія там пытанні, яе ніяк не маглі знайсці, а потым высветлілася, што яна пайшла спаць. Чамусьці Ілона Карпюк магла дамовіцца з паліцыяй, што фестываль будзе да трэцяй гадзіны ночы, а зараз арганізатары не могуць гэтага зрабіць. На апошнім фэсце мала таго, што праграма пасунулася на 40 хвілін ці на гадзіну, дык хэдлайнеры гурт “Znich” замест 15 песень адыгралі 6.


Ну, гэта, напэўна, ужо класічная праблема для апошніх Басовішч.

Аляксандр Памідораў: Напэўна нельга так казаць, але,сапраўды, там няма нармальнага абсталявання, грымёрак і таму музыкі ўсе распаўзаюцца па тэрыторыі. Тут патрэбны чалавек, які добра ведае музыкаў, і які можа іх хутка сабраць. Гэтае гуканне са сцэны: “Хто бачыў гітарыста з гурта “бла-бла-бла”, калі ласка паклічце яго сюды!” (смяецца). Сістэматычная праблема яшчэ і ў тым, што фестывалям пачынаюць займацца не на наступны дзень пасля яго завяршэння, ці там праз дзень, нават не праз тыдзень і не праз месяц. Калі фэст праходзіць у ліпені, то добра, калі ім пачынаюць займацца ў траўні. У красавіку могуць з’явіцца першыя інфармацыйныя падставы, але праца не рухаецца. Яны апраўдваюцца тым, што так з імі міністэрства паступае. Зразумела, і з міністэрствам ёсць асобная праца. Былі такія варыянты, маўляў, трымайце назву пры сабе, і хадзіце, як вясельныя генералы. Няхай усёй арганізацыяй фестывалю займаецца прафесійная структура: нейкае арт-агенцтва, нейкая рэкламнае агенцтва. Такім чынам робіцца нармальная рэклама ў медыя, ідзе нармальная праца з артыстамі, усе дамовы падпісваюцца, і тады ні ў каго не ўзнікае пытанняў, бо ўсе ведаюць, чым займаюцца. Пры гэтым спадары БАС-аўцы атрымлівайюць нармальнае мерапрыемства. “Не! – кажуць яны. – Як гэта, каго ж гэта, куды ж гэта пусціць!”. І зноў мы весела наступаем на адны і тыя ж граблі.

Прэстыж фестывалю ўпаў проста страшна. На гэтай самай пляцоўцы праходзіць фестываль, які завецца “Сяброўская бяседа”. На яго з’язджаюцца фальклёрныя ды недафальклёрныя калектывы з усяго Падляшша, а можа і з усёй Польшчы, і ён таксама ідзе, як беларускі фестываль. А акрамя калектываў з дамоў культуры, з’яжджаюцца людзі з абласных філармоній. Бабулі, дзядулі, народныя хары, якія едуць аўтобусамі ў строях, каб праспяваць літаральна дзве песні і сысці з гэтай сцэны. Там паўсюль вісяць кумпячкі ды каўбаскі, у якасці дыпломаў уручаюць бутлі з самагонам, і ён можа сабраць пад 30 тысяч чалавек. Афішамі гэтага фэсту залеплены ўвесь Беласток і навакольныя месцы яшчэ ад траўня. Ідзіце знайдзіце хоць адну афішу Басовішча ў тым жа Беластоку хоць бы за два тыдні да фэсту!


Чаму, на тваю думку, фестываль так актыўна губляе папулярнасць сярод беларусаў?

Аляксандр Памідораў: Мне падаецца, што з беларускага боку няма арганізатараў. Ёсць інфармацыйныя партнёры, а вось арганізатараў няма. Польскі бок – БАС – не вельмі арыентуецца ў тым, што цяпер адбываецца ў сучаснай беларускай музыцы. Плюс, усё больш і больш людзей пачынае працаваць над сваімі летнімі маршрутамі яшчэ восенню і ўсё больш і больш людзей бачаць, што ёсць і больш цікавыя фестывалі, нават з пункту гледжання камфорту, музыкі ды і ўсяго. У выніку людзі проста праязджаюць міма гэтага Басовішча.


Было шмат размоваў пра ўдзельнікаў сёлетняга конкурсу ды ўвогуле ўдзельнікаў фестывалю, як ты можаш пракаментаваць?


Аляксандр Памідораў: Наконт праграмы сёлетняга фестывалю даводзілася чуць, што пакуль Neuro Dubel не выйшлі на сцэну, Басовішча не пачалося. Што робіць гурт “Гаротніца” ў конкурсе на Басовішчы? Што робіць на Басовішчы гурт “Кашлаты Вох”?

Ты ж сам да гэтага казаў, што няма на “Басах” ніякай вызначанай музычнай канцэпцыі..

Аляксандр Памідораў: Няма яе на паперы. Але апошнія некалькі гадоў ідзе працэс наўмыснага адыходу ад рок-музыкі і падмены тэрміну “музыка маладой Беларусі” тым, што гэта нешта больш да фолку. Вось таму мы і бачым у праграме нейкую R.U.T.A., “Дахабраха” і Port MoneTymon & Transistors – я ўвогуле не зразумеў што гэта было. Гэта быў такі адукацыйны выступ для занядбаных беларусаў, якія не ведаюць класікі рок-н-рола. Гэты калектыў гадзіну дзесяць граў чужыя песні, якія ў той ці іншай ступені сведчаць пра супраціў.

Раней за сцэнай падчас канцэрту была вялікая вясёлая тусоўка музыкаў розных пакаленняў, ці была яна сёлета?

Аляксандр Памідораў: За сцэнай было цалкам пуста. Да таго моманту, пакуль за сцэнай не з’явіўся Neuro Dubel (смяецца). Сабраліся IQ48 ды Znich, а маладыя гурты адвыступалі і некуды збеглі. Сядзелі толькі хлопцы з Akute за сцэнай і здзіўляліся, што нікога няма. Безумоўна, усё не так, як было раней. Раней быў непасрэдны кантакт людзей, якія ўжо нешта зрабілі ў музычным ці ў жыццёвым сэнсе і тых, хто толькі пачынае свой шлях. Была нейкая ўзаемная цікавасць. Ну, а зараз – пуста, няма з кім, няма аб чым, няма пра што! Нейкая недарэчнасць пад выглядам музыкі маладой Беларусі. Ён вельмі дрэнна пахне гэты фестываль.

Інтэрв'ю зробленае ў межах праекту "Форум Беларусь".
Размову можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. На УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі