Пампеа ў Мінску: ЗША гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100%
Майк Пампеа і Уладзімір Макей / Reuters
Амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100% — па канкурэнтнай цане. Пра гэта 1 лютага падчас візіту ў Мінск заявіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа.
"Вам трэба толькі звярнуцца да нас", — сказаў кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША.
Для поўнай загрузкі беларускім нафтаперапрацоўчым заводам неабходна 24 млн тон нафты за год. У папярэднія гады Беларусь атрымлівала яе пераважна з Расіі. Аднак кантракт на пастаўкі ў 2020 годзе да гэтага часу не заключаны. Адзіная расійская кампанія, якая ў цяперашні час пастаўляе нафту ў Беларусь, — "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева, які знаходзіцца ў сяброўскіх адносінах з Аляксандрам Лукашэнкам.
Лукашэнка даручыў ураду актыўна прапрацоўваць пытанне дыверсіфікацыі паставак нафты ў Беларусь. У канцы студзеня Наваполацкі НПЗ атрымаў першыя 80 тысяч тон нарвежскай нафты, дастаўленыя морам (праз порт Клайпеда ў Літве) і па чыгунцы.
"Мы віталі б больш актыўную ролю ЗША ў Беларусі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб амерыканскі бізнес працаваў тут, ва ўзаемадзеянні розных дзяржаўных структур", — заўважыў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. — Нягледзячы на пэўныя рознагалоссі паміж намі, ёсць шэраг сфер, у якіх мы можам супрацоўнічаць".
У першую чаргу гаворка ідзе аб супрацоўніцтве ў галіне эканомікі. Таксама Беларусь і ЗША плануюць развіваць супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з тэрарызмам і незаконным абаротам наркотыкаў, процідзеяння гандлю людзьмі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.