Памёр беларускамоўны праваслаўны святар Андрэй Парфенчык
Ад цяжкой хваробы памёр беларускамоўны праваслаўны святар Андрэй Парфенчык. Пра гэта паведаміў настаяцель прыхода храма Мікалая Японскага ў Мінску, протаіерэй Павел Сярдзюк.
Ён быў родам з Мінску, дзевяць гадоў быў настаяцелем у Клецку. А потым служыў у прыходзе Аляксандра Каманскага ў італьянскім Палерма.
Увосень 2018-га італьянскія дактары паставілі святару страшны дыягназ — адэнакарцынома ў падстраўнікавай залозе, 4-я стадыя. Сваякі вырашылі перавезці Андрэя Парфенчыка на радзіму і абвясцілі збор грошай. Патрэбную суму ў 5000 еўра ўдалося сабраць за пяць дзён. На пачатку сакавіка святара даставілі ў Бараўляны.
Журналістка Ірына Халіп казала, што ўлетку 2011 года, калі яе выпусцілі з-пад варты, айцец Андрэй падтрымліваў яе і прывозіў садавіну і гародніну ад сваіх прыхаджанаў.