Памёр дырэктар гомельскага тэатра, нядаўна асуджаны за "экстрэмізм"
Дзмітрый Гарэлік
2 студзеня ва ўзросце 63 гадоў памёр былы дырэктар Гомельскага тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік. Пра гэта яго сябры паведамілі ў сацсетках. Год таму яго судзілі за "экстрэмізм".
Дзмітрый Гарэлік атрымаў адукацыю ў будаўнічым тэхнікуме, піша "Зеркало". Паралельна ён арганізаваў аматарскі калектыў у Доме настаўніка. У другой палове 1980-х з таварышам стварыў кааператыў, дзе выраблялі тэатральныя лялькі на продаж у дзіцячыя садкі, школы і аматарскія гурткі. 1 чэрвеня 1992 года Гарэлік стаў дырэктарам Гомельскага тэатра лялек.
Менавіта ў часы яго кіраўніцтва ў 2002 годзе тэатр атрымаў новы будынак, куды і пераехаў праз два гады. Тэатр выступаў з гастролямі "ад Атлантычнага ўзбярэжжа Іспаніі да Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Уладзівастока, ад сталіцы Рэспублікі Комі да Шры-Ланкі". Таксама калектыў неаднаразова станавіўся лаўрэатам і дыпламантам міжнародных тэатральных фестываляў у Беларусі, Расіі, Украіне, Казахстане, Таджыкістане, Латвіі, Італіі, Гішпаніі, Славакіі, Германіі, Індыі, Шры-Ланцы ды іншых краінах.
У студзені 2024 года Гарэліка судзілі па абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмізму. Праваабаронцы так і не даведаліся сутнасць абвінавачання і вынесены прысуд.
У жніўні стала вядома, што мужчыну звольнілі з пасады дырэктара тэатра, але калі адбылося звальненне — невядома. Пасада дагэтуль застаецца вакантнай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.