Памёр легендарны дысідэнт Уладзімір Букоўскі
У Вялікабрытаніі памёр савецкі дысідэнт і пісьменнік Уладзімір Букоўскі, паведамляецца на яго сайце.
Прычынай смерці стала спыненне сэрца. Букоўскі памёр 27 кастрычніка ва ўзросце 76 гадоў.
Уладзімір Букоўскі нарадзіўся ў 1942 годзе ў горадзе Белябей у Башкірыі, дзе яго сям'я была ў эвакуацыі. Потым сям'я вярнулася ў Маскву, і там Уладзімір стаў адным з актыўных удзельнікаў дысідэнцкага руху. Ён не толькі ладзіў сходы моладзі каля помніка Маякоўскаму, але і распаўсюджваў забароненую літаратуру.
Некалькі разоў Букоўскага арыштоўвалі і адпраўлялі на прымусовае лячэнне. Агулам ён правёў у савецкіх турмах 12 гадоў.
У 1976 году СССР абмяняў Букоўскага на лідэра чылійскіх камуністаў Луіса Карвалана. На Захадзе Букоўскі працягнуў пісаць пра палітычны пераслед у СССР. Ён быў адным з арганізатараў кампаніі байкоту маскоўскай Алімпіяды 1980 года.
Апошнія гады Букоўскі крытыкаваў рэжым Уладзіміра Пуціна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.