Памёр нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, ураджэнец Беларусі

Памёр нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, ураджэнец Беларусі

Памёр лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў. Пра гэта паведамляе ria.ru са спасылкай на жонку навукоўца Тамару. Прычынай смерці сталі праблемы са здароўем. Алфёраву было 88 гадоў.

Будучы нобелеўскі лаўрэат нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў Віцебску. У пачатку вайны яго бацьку прызначылі дырэктарам завода на Урале, куды пераехала ўся сям’я. Калі вайна скончылася, Алфёравы вярнуліся ў Беларусі і пасяліліся ў Мінску.

Пасля школы Жарэс Алфёраў паступіў у Політэхнічны інстытут (цяперашні БНТУ) і правучыўся там некалькі семестраў, пасля чаго паступіў у Ленінградскі электратэхнічны інстытут на факультэт электроннай тэхнікі. Пасля заканчэння інстытута займаўся навукай і ўдзельнічаў у распрацоўцы першых савецкіх транзістараў і сілавых германіевых прыбораў.

Адкрыцці Алфёрава паспрыялі стварэнню волаконна-аптычнай сувязі, якая цяпер служыць асновай сучаснага інтэрнету, лазераў, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ў касмічных тэхналогіях.

У 2000 годзе Алфёраў атрымаў Нобелеўскую прэміі разам з амерыканскімі фізікамі Джэкам Кілбі і Гербертам Крэмерам. Алфёраў і Крэмер атрымалі прэмію за развіццё паўправадніковых гетэраструктураў для высокахуткаснай і оптатэхнікі, Кілбі — за асновапаложны ўнёсак у стварэнне інтэгральных схемаў.

Жарэс Алфёраў займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, неаднаразова абіраўся ў дэпутаты Дзярждумы Расіі, у тым ліку ад Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі. Быў адзіным дэпутатам ад КПРФ, які падтрымаў павышэнне пенсійнага ўзросту. Выступаў супраць клерыкалізацыі расійскага грамадства і супраць выкладання ў школах асноваў праваслаўнай культуры.

Меў шмат узнагародаў, у тым ліку беларускіх. У 2001 годзе атрымаў ордэн Францыска Скарыны, а ў 2009 — ордэн Дружбы народаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі