Памёр першы міністр аховы здароўя незалежнай Беларусі Васіль Казакоў

Памёр першы міністр аховы здароўя незалежнай Беларусі Васіль Казакоў

9 верасня ў 83-гадовым узросце памёр першы міністр аховы здароўя незалежнай Беларусі Васіль Казакоў, піша tut.by.

Пахаваюць Васіля Сцяпанавіча на Усходніх могілках сталіцы. Цырымонія развітання з ім пачнецца 11 верасня ў 13.00 у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА) на вуліцы Петруся Броўкі, 3.

Васіль Казакоў нарадзіўся 20 лютага 1935 года. У 1959 годзе скончыў Мінскі медінстытут. Працаваў доктарам-тэрапеўтам, намеснікам галоўнага лекара Хоцімскай раённай лякарні, галоўным лекарам Касцюковіцкага раёна і г.д. У 1987-1990 гадах быў намеснікам міністра аховы здароўя БССР.

З 1991 па 1994 год займаў пасаду міністра аховы здароўя. Такім чынам, Казакоў стаў першым міністрам аховы здароўя ў незалежнай Беларусі. У 1994 годзе яго на гэтай пасадзе змяніла Інэса Драбышэўская, а Казакоў стаў галоўным лекарам аднаго з беларускіх санаторыяў-прафілакторыяў.

Пры Казакову ў абласных гарадах адкрыліся дыягнастычныя цэнтры, былі створаныя радыяцыйны інстытут на базе санаторыя ў Аксакаўшчыне, медыка-генетычны цэнтр у Гомелі, Цэнтр трансплантацыі касцявога мозгу. У часы яго кіравання міністэрствам медыкі пачалі стажыравацца ў Германіі, Аўстрыі, Англіі, Італіі, Люксембургу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі