Памёр расійскі кінарэжысёр Станіслаў Гаварухін
14 чэрвеня ў санаторыі "Барвіха" пад Масквой памёр расійскі кінарэжысёр Станіслаў Гаварухін (1936-2018). Пра гэта паведамляюць расійскія інфармагенцтвы.
Найбольшую вядомасць Гаварухіну прынеслі такія фільмы, як "Вертыкаль" (1967), "Месца сустрэчы змяніць нельга" (1979), "Дзесяць негрыцятаў" (1987), "Варашылаўскі стралок" (1999 г.), "Блаславіце жанчыну" (2003), "Канец выдатнай эпохі" (2015) ды інш. Вялікі грамадскі рэзананс выклікалі яго дакументальныя стужкі "Так жыць нельга" (1990) "Расія, якую мы згубілі" (1992).
Падчас перабудовы Гаварухін крытыкаваў улады і савецкі час, але ў сярэдзіне 90-х перайшоў на пазіцыі левых, вырашыўшы, што "так жыць" усё ж такі можна. У 1996 годзе на прэзідэнцкіх выбарах падтрымліваў лідара камуністаў Генадзя Зюганава.
У 2000 годзе Гаварухін быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Расіі. На выбарах набраў 0,44% галасоў выбарцаў, пасля чаго заявіў: "Пуцін абавязаны сваёй перамогай рабскай псіхалогіі народа: пакажы яму новага цара, ён за яго і галасуе".
У 2005 годзе кінарэжысёр зноў перагледзеў свае погляды наконт рабскай псіхалогіі: ён стаў падтрымліваць Уладзіміра Пуціна і ўступіў ў кіруючую партыю "Адзіная Расія". Пасля гэтага Гаварухін атрымаў месца ў Дзярждуме.