Памёр Сямён Домаш, удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2001 года
Памёр Сямён Домаш, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання, удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2001 года. Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку журналіст Мікалай Галко.
“Прагучала горкая навіна: памёр Сямён Домаш. Раптоўна, у сваім аўтамабілі”, — напісаў Галко.
Сямён Домаш быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання і падчас рэферэндуму 1996 года адкрыта выступаў супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Ён быў сярод 70 дэпутатаў, якія падпісалі заяву аб імпічменце.
Пасля займаўся праваабарончай дзейнасцю, адзін з першых дзеячаў падпісаў Хартыю-97.
У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам на пасаду прэзідэнта, але за некалькі дзён да выбараў зняўся з перадвыбарчай гонкі на карысць адзінага кандыдата ад апазіцыі Уладзіміра Ганчарыка.
Пасля кіраваў дзяржаўным прамысловым прадпрыемствам у Гродне.
2 студзеня сёлета Домашу споўнілася 69 гадоў.