Пасажыры змушалі таксоўца ехаць з парушэннем ПДР, а за адмову — збілі
38-гадовы магілёвец звярнуўся ў міліцыю з заявай, што яго збілі незнаёмыя мужчыны, паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама. Мужчына працуе кіроўцам таксоўкі, і інцыдэнт адбыўся непасрэдна ў яго аўтамабілі.
Міліцыянты затрымалі зламыснікаў і высветлілі, што адбылося ў той злапомны вечар. Пасажыры таксоўкі селі ў салон і адразу сталі правакаваць кіроўцу. Нецвярозыя мужчыны прасілі кіроўцу перавысіць хуткасць. Мужчына казаў пасажырам, што не будзе парушаць закон. Аднак разгарачаныя алкаголем мужчыны пачалі вырываць з яго рук руль.
Абураны гэтым кіроўца спыніўся, каб высадзіць пасажыраў. Але тыя адчынілі дзверы і выпіхнулі яго з аўтамабіля, а потым выйшлі самі. На вуліцы мужчыны збілі таксоўца з ног і пачалі біць. У падранай і запэцканай вопратцы кіроўца спрабаваў уцячы ад нападнікаў, але яны пераследавалі яго, пакуль на крыкі ахвяры не сабраліся навакольныя.
Праваахоўнікі высветлілі, што адзін з хуліганаў раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
Матэрыялы на мужчын перададзеныя ў Следчы камітэт, каб пачаць на іх крымінальную справу за хуліганства, здзейненае групай асобаў. Ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.