Пасля ДТЗ у Івянцы бацька-бяспраўнік уцёк, кінуўшы 4-гадовага параненага сына

Пасля ДТЗ у Івянцы бацька-бяспраўнік уцёк, кінуўшы 4-гадовага параненага сына

У пасёлку Івянец Валожынскага раёна 31 траўня здарылася аўтааварыя, у якой пацярпела чатырохгадовае дзіця, паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама.

ДТЗ адбылося каля 23-й гадзіны. 28-гадовы мясцовы жыхар на закругленні дарогі не справіўся з кіраваннем. Яго аўтамабіль Kia Sephia занесла, і машына ўрэзалася ў дрэва каля прысядзібнага ўчастка. Пры ДТЗ атрымаў траўмы сын кіроўцы, які ехаў на пярэднім сядзенні. Чатырохгадовы хлопчык быў не ў дзіцячым крэсле і не быў прышпілены рамянямі бяспекі. Пацярпелае дзіця шпіталізавалі.

Дарэчы, бацька кінуў не толькі машыну, але і дзіця ды ўцёк з месца аварыі. Хлопчыка забралі сваякі.

Міліцыянты затрымалі кіроўцу на наступны дзень а 6-й гадзіне раніцы ў альтанцы дома. Медагляд выявіў, што мужчына быў п'яны (1,66 праміле). Сам ён заяўляе, быццам выпіў ужо пасля ДТЗ. Гэтая версія правяраецца.

У мужчыны не было пасведчання кіроўцы: у 2016 годзе ён быў пазбаўлены дакумента за кіраванне ў нецвярозым выглядзе. 

Магчымай умовай ДТЗ, як папярэдне мяркуюць спецыялісты, стала тэхнічная няспраўнасць — закліноўванне задняга кола.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі