Пасля візіту Лукашэнкі затрымалі кіраўнікоў Слуцкага мясакамбіната (відэа)
Дырэктару і яго намесніку па камерцыйных пытаннях інкрымінуюць перавышэнне службовых паўнамоцтваў, халатнасць і злоўжыванне ўладай.
Да праверкі прадпрыемства, акрамя Дзяржкантролю, падключыўся дэпартамент фінансавых расследаванняў, паведамляе тэлеканал АНТ.
Высветлілася, што шматлікія парушэнні прывялі да вялізных стратаў. Вось што распавёў тэлеканалу АНТ Дзяніс Галавароў, начальнік аддзела Камітэта дзяржкантролю Беларусі:
"За 2013 год і два месяцы бягучага "чыстыя" страты камбіната склалі 157 млрд рублёў. Што прывяло да такіх стратаў? Масавае парушэнне фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Напрыклад, прадукцыя рэалізоўвалася па заніжаных коштах. За 5 месяцаў мінулага года мясакамбінатам не даатрымана амаль 300 тысяч долараў за пастаўкі расійскім пакупнікам быкоў пад выглядам кароваў".
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка наведаў Слуцкі мясакамбінат 11 красавіка. Ён быў раз'юшаны антысанітарнымі ўмовамі, у якіх захоўвалася мяса.
Лукашэнка: "Усіх вінаватых у камеру, няхай кампенсуюць страты. Усё павінна быць перапрацавана. Усё, што сапсаванае, няхай ядуць".
Слуцкі мясакамбінат: “Наша мяса не гнілое, яно добрае па якасці”