Пасол Сурыкаў: Называць беларусізацыю нацыяналізмам — ідыятызм
У Расіі ёсць людзі, якім не падабаецца, што апошнім часам у Беларусі пачалася “павольная беларусізацыя” ― папулярызацыя беларускай мовы, адраджэнне нацыянальнай культуры. Але тыя, хто бачыць у гэтым праяву беларускага нацыяналізму, “займаюцца ідыятызмам”. Такое меркаванне ў адказ на пытанне журналіста Еўрарадыё выказаў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
Сурыкаў: “У нас ёсць такія, каму гэта не падабаецца, а мне ― падабаецца! Беларусь — суверэнная дзяржава? Так. Яна мае права на развіццё беларускай мовы? Безумоўна ― гэта ж Беларусь. Кажуць: “Вось, пачалася беларусізацыя!” А што тут іншае павінна быць? Канешне, беларусізацыя. І які ж гэта нацыяналізм? Тады што, у нас руская мова таксама нацыяналізм? Нельга ж ідыятызмам займацца!”
Па словах Аляксандра Сурыкава, усе, хто робіць такія заявы пра нібыта нараджэнне ў Беларусі нацыяналізму і палохае расіян беларусізацыяй, працуюць супраць народаў нашых краін.