Павел Свярдлоў атрымаў акрэдытацыю ад МЗС і вяртаецца на Еўрарадыё

Журналіст Павел Свярдлоў атрымаў гадавую акрэдытацыю ад беларускага МЗС як карэспандэнт Еўрарадыё. У лістападзе мінулага года Міністэрства замежных спраў пазбавіла яго права працаваць на замежныя СМІ. Падставай для адпаведнага рашэння стаў адміністрацыйны арышт карэспандэнта, абвінавачанага ў бруднай лаянцы яшчэ летам 2012 года. Згодна з п.15.2 Палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ, МЗС мае права пазбавіць акрэдытацыі карэспандэнта ў выпадку парушэння ім “заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.

Нагадаем, раніцай 22 чэрвеня 2012 года карэспандэнт Еўрарадыё Павел Свярдлоў выйшаў на працу з пад’езда свайго дома і быў затрыманы людзьмі ў цывільным. Супраць журналіста распачалі справу па артыкуле 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса — дробнае хуліганства. У той жа дзень суддзя Таццяна Матыль пакарала Свярдлова 15-цю суткамі арышту. Пакаранне ён адбываў у мінскім ізалятары на вуліцы Акрэсціна.

Суды вышэйшай інстанцыі, у тым ліку і Вярхоўны суд, пакінулі пастанову аб арышце без зменаў, нягледзячы на тое, што з’явіўся грамадзянскі сведка інцыдэнту, які абвяргаў паказанні міліцыянтаў.

Праз год пасля прысуду адміністрацыйнае спагнанне здымаецца. Адпаведна, у ліпені 2013 года Карэспандэнцкі пункт Еўрарадыё ізноў падаў у МЗС дакументы на акрэдытацыю Паўла Свярдлова. Просьба была задаволеная. З 20 жніўня журналіст вяртаецца да працы ў інфармацыйнай рэдакцыі радыё.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі