Перад "Дажынкамі" пад Жлобінам зносяць паселішча цыганоў (фота)
Адна з прычынаў "ліквідацыі" ў тым, што хаты цыганоў відаць з трасы Мінск-Гомель.
У вёсцы Лебедзеўцы жывуць каля 20-30 чалавек, сярод іх старыя, інваліды і дзеці. Улады плануюць знесці восем хат, прычым тры з іх ужо знеслі.
У сувязі са зносам дамоў жыхары Лебедзеўкі напісалі скаргу ў Дзяржкантроль. Ліст перанакіравалі ў Гомель, а потым у Жлобінскі райвыканкам, дзе цыгане не здолелі даказаць сваю праўду.
Цыганы пачалі сяліцца ў вёсцы гадоў 20-30 таму. Пятро Альхоўскі, старшыня Лукскага сельсавета Жлобінскага раёна, кажа, што хаты, якія ідуць пад знос, пабудаваныя незаконна. Замест знесенага жытла жыхарам нічога не прапануюць, адзначае TUT.BY.
Альхоўскі кажа, што правоў уласнасці на жытло ў цыганоў няма. Пра знос жыхароў папярэдзілі сёлета ў траўні. Тады прычынай называлі тое, што хаты стаяць у вадаахоўнай зоне Дняпра, што забаронена паводле закону. Пры гэтым будынкі пастаўленыя без дакументаў на самавольна занятай тэрыторыі. Цяпер жа дадаліся яшчэ і блізкія "Дажынкі".
Старшыня сельсавету кажа, што цыганам былі гатовыя даць участкі ў іншых населеных пунктах, бо ў Лебедзеўцы месцаў няма.
Фота — TUT.BY