Першыя вясновыя EP: "Пузо-сила", "Спрат’UP" ды "Kasmicnyja Vibracyi"

130322_agljadacha.mp3

Агульнае ў гэтых EP сканчаецца на беларускім паходжанні і датах з’яўлення рэлізаў напачатку сакавіка. Такія вось пралескі.

Брэсцкі гурт “Спрат” прэзентуе сінгл "Спрат’UP" цягам цэлага працоўнага тыдня, па песні ў дзень. Але прыгожы ход з інтрыжкай перастае працаваць ужо ў панядзелак. Песні настолькі падобныя адна на адну, што гэта ўжо немагчыма “спіхнуць” на аўтарскі стыль гурта. Натуральна, гаворка ідзе, хутчэй, пра агульны падыход, аранжыраванне ды, як ні сумна для больш чым 10-гадовага калектыву, выкананне.

Класічны беларускі рок канца 1990-х — пачатку 2000-х. Водгаласы сола-гітары Піта Паўлава, гаражны гук, надрыў і “лабавыя” тэксты пра любоў да Радзімы (“Сістэма”) дадаюць эфект машыны часу. Вось толькі гурты, што зрабілі такое гучанне класічным (N.R.M., “Мясцовы час”, Exist і шмат хто яшчэ), ці зніклі, ці ўжо даўно перайшлі на іншы ўзровень.

Найлепшы па ўсіх параметрах трэк — апошні (DIY), запісаны разам з лідарам :B:N: Алесем Лютычам. Так і цягне сказаць: “Бачыце! Можаце, калі пажадаеце!”, але “лепшы сярод іншых” яшчэ не значыць “выбітны”. Рухацца ёсць куды, нават кірунак намацаны — чакаем наступных выданняў.

Для вуха, што моцна “сядзіць” на калярокавых мелодыях, электронны расслабон EP Kasmicnyja Vibracyi ў выкананні Iver нават натхняе… Але гэта першыя ўражанні. Далей — сумна.

Як жартуе сам артыст: “Падчас праслухоўвання праекту Iver вастрыня светаўспрымання павялічваецца на 43%. Выпадкаў перадазіроўкі музыкай Iver не адзначана. Зафіксаваныя выпадкі пашырэння зрэнак”. У яблычка! Ведаю два варыянты спалучэння такой музыкі і пашыраных зрэнак! Другі — больш рэдкі: спёка, кавярня на беразе мора і ты “завісаеш” за гарбатай на некалькі гадзінаў… Пра першы здагадайцеся самі.

У іншых выпадках чалавек, чыё вуха не прыстасаванае да адкідвання электронная музыкі ў фон, адразу пачынае стамляцца ад ужывання адных і тых жа сэмплаў. Што праўда, Iver і не думаў нас падманваць: па “касмічных вібрацыях” у назве сінгла лёгка здагадацца, што нас чакае chillout.
 
Абвінаваціць у наватарстве немагчыма і гурт “Йо-Йо”. Чаму песні сінгла “Пузо-сила” не выйшлі ў складзе іх папярэдняга альбома “Респект Менделееву” — незразумела. Стылістыка аднолькавая, настрой захаваны, рэлізы адбыліся адзін за адным… 

Усё так чыста адлабана, што нават брыдкавата. Ну не асацыюецца “ёёшны” ска з такой прылізанасцю і адсутнасцю здаровага раздзяўбайства! Натуральна, усе музыкі — сапраўдныя прафесіяналы. Але ці не праз гэта тры вясёлыя, завадныя канцэртныя трэкі на дыску гучаць вельмі плоска і без драйву? Чалавека, які не чуў “Йо-Йо” жываком, гэты EP наўрад ці зачэпіць. А вось сталыя прыхільнікі, безумоўна, парадуюцца. Тым больш, “язва” Віці Гурына, як заўсёды, ва ўдары: песні падабраныя з сарказмам і сцёбам, як рэйкі ў шчыльным плоце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі