Петля Пристрастия “Фобос”

130419_agljadacha.mp3

Новы студыйнік “Фобос” гурта “Петля Пристрастия” стылістычна мала чым адрозніваецца ад папярэдніх рэлізаў. Музыкі знайшлі свой гук і не лічаць патрэбным адыходзіць ад яго. А вось лірыка стала яшчэ больш тужлівай, больш падобнай на крык адчаю. Як следства ― з’яўленне большага груву, гітарнай цяжкасці ды надрыву.

Петлю Пристрастия” складана паўтарыць, бо ў ёй сабрана пяць абсалютна розных людзей са сваімі музычнымі густамі. Кожны нешта скідае ў агульны кацёл і атрымліваецца такі суп-бурдэ”, ― кажа пра стылістыку гурта лідар Ілля Чарапко-Самахвалаў. І дыск “Фобос” таму пацверджанне. Як бы ні спрабавалі расійскія крытыкі вешаць на “Пятлю” цэтлік рускага року, ці пост-панку, ці брыт-року, музыкі працягваюць рабіць нешта сваё з элементамі постсавецкага і заходняга каларыту адначасова.

Ілля Чарапко-Самахвалаў называе новы альбом вельмі аўтабіяграфічным. Доўгі час яму давялося пражыць у кватэры з відам на ЦЭЦ. Вобраз цеплавой электрастанцыі ўзнікае ўжо ў першай песні дыска.

“Лірычны герой альбома змяніўся, ён стаў крыху больш піць, ― прызнаецца Ілля ў інтэрв’ю напярэдадні рэлізу. ― З’явіўся час падумаць над стасункамі з алкаголем і гэтыя развагі выліліся ў такі, можна сказаць, павучальны альбом. “Фобос” ― дзённік зомбі, які ажывае толькі на непрацяглы час алкагольнага прыходу. Чалавек, які адчувае сябе пустым”.

Агулам жа, мудрагелістыя тэкставыя структуры захаваліся: каб зразумець ідэю песні, яе лепш не слухаць, а чытаць. Лейтматыў пласцінкі: чалавек на дне, які разумее, хто ён і што адбываецца вакол, і які, няхай няўдала, але спрабуе нешта з гэтым рабіць. На дыску “Фобос” стала больш “моцных” словаў. Праўда, ўжываюцца яны выключна да месца, так бы мовіць, падкрэсліваюць экспрэсію і, падчас першага праслухоўвання, нават, застаюца незаўважнымі.

Трэці альбом “Петли” атрымаўся вельмі роўным, без відавочных хітоў і правальных песень. Такі падыход да напісання матэрыялу смела можна называць фішкай гурта. 10 дастаткова розных па экспрэсіі, гучанні ды падачы кампазіцый пралятаюць, як адна. Натуральна, шкада, што на дыску няма трэкаў кшталту “Карма велогонщика” ці “Ножи”, якія былі адразу заўважныя на мінулых альбомах. Затое ўжо цяпер можна сказаць, што на складанку “Петля пристрастия. The Best” можна пераносіць увесь альбом “Фобос”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі