Польшча дэпартавала беларускага валанцёра, які дапамагаў украінцам

Польскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота

Польскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота / strazgraniczna.pl

Беларускага валанцёра, які дапамагаў украінцам, дэпартавалі з Польшчы. Пра гэта паведамляе выданне MOST са спасылкай на грамадскую актывістку Ганну Клос.

38-гадовы грамадзянін Беларусі Сяргей быў валанцёрам арганізацыі Kwitnący Dom. 19 кастрычніка 2025 года паліцыя затрымала яго на вуліцы ў Варшаве. Высветлілася, што ў яго скончыўся тэрмін дзеяння ДНЖ. На новы ДНЖ беларус не змог падаць дакументы, бо не меў пашпарта: за некалькі месяцаў да таго на яго напалі невядомыя і забралі дакумент.

Паліцыянты перадалі Сяргея памежнікам, а тыя змясцілі яго ў закрыты цэнтр для замежнікаў і загадалі пакінуць краіну. Памежная служба прызнала беларуса пагрозай для бяспекі і грамадскага парадку, бо за паўтара года да таго яго прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за п'янае кіраванне.

Сяргей спрабаваў абскардзіць рашэнне аб дэпартацыі і падаў заяву аб міжнароднай абароне. Паведамляецца таксама, што днямі ад яго імя была пададзеная заява ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, каб часова забараніць дэпартацыю. Разгледзець заяву планавалася 27 красавіка.

Паводле Ганны Клос, 24 красавіка пасля абеду ёй сказалі, што памежнікі забралі Сяргея. Актывістка сцвярджае, што юрыст беларуса пра гэта не ведаў. Ганна Клос накіравалася на памежны пераход у Тэрэспалі, дзе правяла некалькі гадзін, але не заспела момант дэпартацыі.

Пазней яна паведаміла, што Сяргей ужо знаходзіцца на беларускім баку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.