Польшча можа павялічыць колькасць арміі ўдвая, умацаваць усходнюю мяжу
Польшчы трэба павялічыць колькасць арміі ўдвая і ўмацаваць усходнюю мяжу. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю часопісу Polska Zbrojna міністр абароны краіны Антоній Мацарэвіч. Паводле яго слоў, польская армія не павінна знаходзіцца ў асноўным на заходніх межах, яе прысутнасць мусіць быць павялічана на ўсходзе краіны. Мацарэвіч лічыць, што каля ўсходняй мяжы (а значыць і каля мяжы з Беларуссю) ў 2016 годзе трэба стварыць тры брыгады тэрытарыяльнай абароны.
На сённяшні дзень у польскім войску налічваецца 80 тысяч чалавек. Калі планы мінабароны будуць рэалізаваныя, іх стане каля 150 тысяч. "Гэта той мінімум, які патрэбны для таго, каб армія магла даць адпор пагрозам", — кажа Антоній Мацарэвіч. Ён падкрэслівае, што галоўнай пагрозай у Еўропе цяпер з'яўляеца канфлікт на ўсходзе Украіны.
Фота: АР