Помнік гета ўсталявалі ў Магілёве, але надпіс давядзецца перарабіць (фота)

Помнік магілёўскаму гета ўсталявалі сёння ў Магілёве. Камень з адбіткамі рук паставілі ў пачатку вуліцы Віленскай, у тым месцы, дзе знаходзіўся ўваход у гета. Афіцыйнае адкрыццё помніка адбудзецца 12 лістапада ў межах дзён Ізраіля. Ініцыятары ўсталявання помніка кажуць, што ён ужо набыў вядомасць ва ўсім свеце і яго прызналі ў самім Ізраілі.



Скульптар Андрэй Вараб’ёў сказаў Еўрарадыё:

"У мяне было некалькі ідэяў гэтага знака, але адразу абралі гэтую, бо аказалася, што для яўрэяў рука, далонь чалавека - гэта знак і чалавека, і бога, і малітвы, звароту да бога такім чынам. Гэтыя адбіткі рук сімвалізуюць душы тых, хто загінуў, і кожны можа да іх дакрануцца".


Надпіс на помніку давядзецца перарабіць, бо Вараб'ёў напісаў “ахвяры фашызму”, а трэба “ахвяры нацызму”, бо так зацвердзіла тапанімічная камісія. Сябры камісіі лічаць, між іншага, што фашызм ужо мінуў, а нацызм ёсць і па сённяшні дзень. Дарэчы, надпіс на помніку зроблены на іўрыце і расійскай мове, беларускага варыянту няма. Сцвярджаюць, што гэта таксама рашэнне тапанімічнай камісіі.



Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі