Порна на вуліцы Багдада і іржавыя расійскія танкі ў цэнтры Кіева — #ІхНоравы
Танкі і порна на вуліцах / Калаж Улада Рубанава / Еўрарадыё
Каб жыхары Ірака не глядзелі порна на вуліцы, сілавікам давялося перарэзаць кабель і затрымаць падазраванага. Тым часам у цэнтры Кіева адкрылася выстава іржавай вайсковай тэхнікі, а Луіза Гансалес выйшла ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Эквадоры. Чаму не варта ехаць у Румынію без сродкаў ад насякомых і пра многае іншае чытайце ў нашай пастаяннай рубрыцы "Іх норавы".
У Румыніі людзей атакуе ліхаманка, якую пераносяць камары і кляшчы
У Румыніі пачасціліся выпадкі захворвання ліхаманкай Заходняга Ніла. Гэты небяспечны вірус пераносяць камары і кляшчы.
Па дадзеных СААЗ, 80% інфікаваных людзей не адчуваюць сімптомаў, але ў 20% развіваецца ліхаманка, якая можа прывесці да лятальнага канца.
Віруснае захворванне характарызуецца высокай тэмпературай, небяспечным запаленнем мазгавых абалонак, сістэмным пашкоджаннем слізістых абалонак, паталагічным павелічэннем лімфатычных вузлоў і час ад часу сыпам. У зоне асаблівай рызыкі — людзі, старэйшыя за 50 гадоў.
Распрацаванай вакцыны ад гэтай ліхаманкі не існуе.
У Багдадзе неспакойна
Казусная сітуацыя адбылася на ажыўленым скрыжаванні ў Багдадзе. На вялікім экране, дзе звычайна транслююць рэкламу, раптам паказалі порнафільм.
Відэа і здымкі хутка разляцеліся па сацсетках.
Падазраванага арыштавалі. Паводле звестак паліцыі сталіцы мусульманскай дзяржавы, гэта супрацоўнік фірмы, якая кіруе электроннымі білбордамі ў Багдадзе. Нібыта ў яго паўстала фінансавая спрэчка з гэтай арганізацыяй, і ён, каб адпомсціць, вывеў на экран порна замест рэкламы.
Порна транслявалася ўсяго некалькі хвілін. Потым прыехалі сілавікі і перарэзалі кабель.
Улады часова адключылі ўсе электронныя білборды ў Іраку.
Луіза Гансалес трымае лідарства ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Эквадоры
Па выніках экзітпола, у першым туры выбараў прэзідэнта Эквадора з сур'ёзным адрывам лідзіруе сацыялістка Луіза Гансалес. Гэтая жанчына — пратэжэ былога прэзідэнта Рафаэля Карэа, які зараз жыве ў выгнанні.
Гансалес удзельнічае ў гонцы ад левага руху "Грамадзянская рэвалюцыя" і набірае 33% галасоў.
Разам з ёй у другі тур, які павінен прайсці 15 кастрычніка, выходзіць былы дэпутат парламента Даніэль Набоа, у якога 24% галасоў.
Нагадаем, што 9 жніўня ў сталіцы Эквадора Кіта быў застрэлены адзін з васьмі кандыдатаў у прэзідэнты. Гэта былы журналіст-даследчык, а пазней дэпутат парламента і змагар з карупцыяй Фернанда Вільявісэнсія.
Іржавыя расійскія танкі ў Кіеве
21 жніўня на Храшчаціку ў Кіеве адкрылася выстава падбітай расійскай тэхнікі. Яна праходзіць напярэдадні Дня незалежнасці Украіны.
Карэспандэнт "Бі-бі-сі" ў Кіеве Святаслаў Хаменка ўжо пабываў там і налічыў каля 20 танкаў, самаходных гаўбіц, БМП, МТЛБ, БТР і грузавых аўтамабіляў.
Дзень незалежнасці Украіна адзначае 24 жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.