Пошліна на выезд з краіны ўжо існуе!

Перапалох, выкліканы заявай Лукашэнкі аб 100-доларавай пошліне на выезд з Беларусі, прымушае чыноўнікаў рангам ніжэй тлумачыць народу падрабязнасці. Найбольш поўна гэта атрымалася ў Пятра Пракаповіча:

“Пакуль разглядаюцца магчымыя формы вырашэння пытання… Пошліна будзе дзейнічаць для тых, хто ездзіць за пакупкамі раз у 2-3 дні і прывозіць шмат тавараў для перапродажу на тэрыторыі Беларусі”.

З думкамі пра хуткі канец бізнэсу тысяч памежных чаўнакоў адкрываю сайт Мытнага камітэта і здзіўляюся. Аказваецца, для аматараў ездзіць у ЕС за пакупкамі раз на 2-3 дні ўжо даўно прыдумалі пакаранне! У “Парадку перамяшчэння тавараў фізасобамі для асабістага выкарыстання ў межы Мытнага саюза…” гаворыцца, што падатак можна заплаціць проста таму, што часта бываеш за мяжой.

“Норма бяспошліннага ўвозу асабістай маёмасці, якая ўвозіцца ў суправаджальным багажы, складае ў вартасным выразе 1500 еўра, а ў вагавым — 50 кг. Аднак, не варта думаць, што цяпер можна прывезці 50 кілаграмаў аднародных тавараў. Па-ранейшаму вызначэнне прызначэння тавараў ажыццяўляецца мытным органам сыходзячы з заявы фізічнай асобы, характару і колькасці тавараў, а таксама частаты перамяшчэння праз мытную мяжу”.

Прычым, сума падатку сотняй долараў не абмяжоўваецца! Можна заплаціць і нашмат больш. Па тлумачэнні звяртаюся ў Мытны камітэт. Ва Упраўленні інфармацыйных тэхналогій Еўрарадыё расказваюць, што найбольш падазрэнняў у мытнікаў выклікаюць людзі, якія часта ездзяць туды-сюды праз мяжу:

“Адным з крытэрыяў тут з’яўляецца частата паездак. Калі чалавек ездзіць кожны дзень і возіць нейкі тавар, то гэта ўжо не тавар для асабістага выкарыстання. Яму скажуць, што, вось, вы ўжо дзесяць разоў гэта вазілі”.

Схема “адлову” у мытнікаў простая — калі ўзнікаюць нейкія падазрэнні ў чысціні думак таго альбо іншага вандроўніка, яго просяць задэклараваць тавар без аплаты пошліны. Затым гэтую інфармацыю ўносяць у сваю ўнутраную базу і чакаюць паўтораў.

“Дэклараваць просяць. Калі вы задэкларавалі, то, значыць, паведамілі аб перамяшчэнні пэўнага віду тавару. Дэкларацыя — гэта не значыць, што адразу будзеце плаціць пошліну. Раз запоўнілі яе, другі раз — трэці. І ў мытных органах ужо ёсць інфармацыя, што вы возіце”.

Такім чынам, схема барацьбы з аматарамі “ездзіць за пакупкамі раз у 2-3 дні і прывозіць шмат тавараў для перапродажу на тэрыторыі Беларусі” адпрацаваная.

У сувязі з чым узнікае пытанне, супраць каго тады скіраваная скандальная пошліна ў 100 долараў?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі