“Последний концерт” Pukstband: Сеанс з выкрыццём

Паўнюткі клуб “Графіці” за гадзіну да пачатку канцэрта красамоўна пацвярджае той факт, што “Последний концерт” ад Pukstband не пакінуў абыякавых. Пасля адмысловай прэлюдыі з трох кампазіцый з сольнага альбома “Внутреннее”, Сяргей сыходзіць на невялікую паўзу, пасля чаго зноў з’явіўляецца на сцэне ўжо з музыкантамі Pukstband.

Перад пачаткам кожнай з кампазіцый Сяргей Пукст доўга тлумачыць яе сюжэт. Як заўжды, у жартаўлівай форме, экспрэсіўна і доўга — даўжэй за саму песню. І гэтым у большасці выпадкаў яшчэ больш заблытвае гледача. Але ў гэтым увесь Пукст! Так мы даведваемся, што песня “Отстал” — гэта дэвіз Сяргея і прысвячэнне музычным экспертам, “Я люблю тебя” па меркаванні музыкі, яго праславіла, а песню “ВіктОр” Сяргей марыць праспяваць “на рынгу” з Віктарам Калінам. Да таго ж, Пукст прызнаецца, што час ад часу марыць быць Земфірай, каб “эксплуатаваць тэму кахання і смерці бясконца”.

“Калі я не буду тлумачыць, людзі ўвогуле нічога не зразумеюць, — смяецца Сяргей Праблема ў тым, што мае тэксты незразумелыя ў прынцыпе. У гэтым, уласна кажучы, іх загадка і эзатэрычны сэнс, а мой тэкст — гэта ўсяго толькі штуршок для таго, каб увогуле пачаць думаць. Гэта вельмі няпростая рэч, бо людзі, як правіла, сцякаюць па гэтых тэкстах, як кроплі па шкле”.

Непадрыхтаванай публікі на канцэрце ў Пукста не аказалася — гэта той выпадак, калі на імпрэзу не ідуць тыя, хто не хоча застацца задаволеным. Час ад часу нехта ў зале працягвае якую-небудзь з фраз музыкі, падказвае радкі з песні і проста жартуе. Дарэчы, вы ведаеце, што пад Пукста можна выдатна патанчыць? Мы вось даведаліся, што можна і яшчэ як!

“Дзякуй, сябры! Нарэшце я магу сказаць гэта! — смяецца задаволены выступам Сяргей, неверагодна прыгожы ў сваёй гістэрыцы. — Я казаў вам гэта нават тады, калі ў зале збіралася 7-8 гледачоў. І сёння я таксама бачу гэтых людзей тут, толькі да іх дадалося яшчэ прыкладна трое”.

Экспрэсіўны канцэрт заканчваецца фінальнай “The End”, але публіка яшчэ двойчы выклікае Сяргея “на біс”. Музыку яшчэ доўга не адпускаюць: Пуксту даводзіцца яшчэ раз выканаць свой баявік “Андалузский пёс” пад гучныя апладысменты. Музыка развітваецца з публікай, так і пакінуўшы адкрытым галоўнае пытанне вечара: ці сапраўды апошні канцэрт даў Pukstband?

“На дадзены момант — так, гэта апошні канцэрт, — кажа Пукст. — Я не ведаю і нічога не магу сказаць цяпер. Магчыма, мы зробім перапынак. Пачакаем, памудрэем, возьмем той жа самы матэрыял і сыграем яго! Гэта будзе больш лаканічна, мы перастанем дзёргаць лішнія ноты, а я перастану спяваць лішняе. Зробім работу над памылкамі, карацей!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі