На Дзень нараджэння клубу Re:Public падарылі "Оскара" (фота)

Клубу Re:Public усяго тры гады. Аднак для большасці беларускіх музыкаў і іх прыхільнікаў цёмнае і не надта ўтульнае памяшканне на заводзе вылічальнай тэхнікі ўжо стала родным домам і любімай пляцоўкай.

Напрыклад, Юрый Стыльскі з "Дай Дарогу!" сцвярджае, што ў "Рэпабліку" ён пасяліўся і пражыў свае лепшыя гады.

"Клуб — гэта проста кавалак бетону. Я насамрэч жадаю людзям, якія ў яго ўклалі свае сілы, энергію, сваё натхненне, Андрэю Валянцінавічу ў прыватнасці, моцнага здароўя, каб ён заўсёды быў маладым. Ён заўсёды для мяне малады, таму мы праз 30 гадоў убачымся, я ўпэўнены, што ён вечны. І клуб вечны", — сыпле прароцтвамі Юра, выціраючы з твару і шыі торт, у які ён толькі што акунуў дырэктара Re:Public падчас святочнага мерапрыемства.

За невялікую гісторыю тут прайшло 500 канцэртаў, на якіх выступілі практычна ўсе актуальныя беларускія музыкі і іх калегі з замежжа.

"Re:Public на сёння — гэта ўнікальны клуб, таму што ў ім бываюць вельмі дарагія канцэрты, але гаўняныя, і бываюць вельмі недарагія канцэрты, але шыкоўныя. Усё злежыць ад незразумелага мне збегу абставін. А з прыходам арт-дырэктара Яна клуб стаў яшчэ і выдатны для музыкаў. Цяпер тут хочацца граць і рабіць рок-н-рол. Re:Public жыве, і ён рэальна добры. Асабліва мяне ўразіла лядоўня",Павел Юрцэвіч, кіраўнік студыі гуказапісу "Осмос" ацэньвае святочнае змесціва лядоўні ў грымёрцы клуба.

На сцэне "Без Білета" і Akute з акустычнымі праграмамі, Георгій Дабро традыцыйна пад фанеру, Паліна Рэспубліка з бэндам, "Мутнаевока" і "Дай Дарогу!" поўным складам. Усе радасныя і вясёлыя.

"Гэта адзіны клуб, у якім мы сыгралі найбольш сваіх канцэртаў у Беларусі. Я не ведаю, чаму так склалася, бо, падаецца, што магілёўскі гурт павінен усё ж больш граць у Магілёве, — перабіваюць адзін аднаго Раман і Стас з гурта Akute. — Гэта цудоўнае месца, дзе збіраецца такая колькасць народу, якая ўжо ўражвае. Мы тут бачым вельмі класнае стаўленне да музыкаў. Я нават ведаю выпадкі, калі гурты, адыграўшы ў "Рэпабліку", ужо адразу па асабліваму ставяць сябе ў сваіх гарадах. Калі мы кажам пра Re:Public — гэта ўжо нейкая класнасць".

Перад сэтам "Мутнагавока" Яўген Змушка з'яўляецца на сцэне са статуэткай, якая нагадвае "Оскарам" у руцэ і ўручае яго "Дырэктару-2014" Андрэю Старцаву. А потым запрашае на сцэну Уладзіміра Пугача з гурта J:Морс. Разам яны выконваць морсаўскую "Не умирай" пад шыльдай праекту "Мутныморс".

"Па-першае, Re:Public набліжаецца, калі яшчэ не набыў, да статуса намоленага месца ў музычнай тусоўцы, — разважае Уладзімір Пугач. — Па-другое, гэта адзінае месца, дзе на сённяшні дзень маладыя музыкі могуць упэўніцца ў тым, што яны могуць сабраць каля тысячы чалавек. Больш няма дзе, аб'ектыўна. А па-трэцяе, Андрэй Старцаў — адзіны нефармал, які ўмее насіць касцюм і гальштук".

Яўген Змушка пераконвае, што іншы раз дадому не прыходзіць з такім задавальненнем, як у Re:Public, але мае пэўныя прапановы для таго, каб пляцоўка стала яшчэ лепшай:

"Хочацца, каб у калідоры павесілі плакаты з выканаўцамі, якія тут непасрэдна выступалі. І ўвогуле, каб пераўтварылі ў нешта зручнае фае, якое больш нагадвае гардэроб ў кінатэатры, каб неяк яго ўпрыгожылі і зрабілі вольныя сцены для размалёвак. І, натуральна, жадаю паляпшаць гук, сцэну і ўсё астатняе. І трэба павесіць люстра ў мужчынскую прыбіральню".

Непараўнальны Георгій Дабро так і не патлумачыў, чаму прагне канцэртаў у "Рэпабліку", затое крануў усіх сваімі сонечнымі песнямі пад фанеру

Натуральна, што тры гады — гэта толькі пачатак. Да фае і туалетаў уладальнікі клуба яшчэ абавязкова дабяруцца. Затое зала, дзе адбываюцца канцэрты, цяпер у поўным парадку. Ды і паесці ў клубе можна вельмі смачна.

"У апошні час у нас змянілася ежа. Цяпер у нас заўсёды ёсць супы і гарачыя стравы, дранікі, катлеты, і вельмі ўсё смачна. Таму што да нас вярнулася заслужаны повар цёця Таня", — падводзіць вынікі трохгодкі арт-дырэктар Ян Максімовіч. І між іншым, запрашае ўжо 7 кастрычніка на канцэрт брытанцаў Enter Shikari, якія граюць у Мінску толькі шалёныя канцэрты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі