На новым альбоме Пукст пакінуў толькі патрэбнае. Атрымалася 15 хвілін
Беларускі музыка Сяргей Пукст выпусціў новы альбом "Шлях дадому", які прысвяціў змрочнаму беларусу. Кружэлку складаюць дзевяць песень, якія гучаць усяго пятнаццаць хвілін. Пукст, вядомы эксперыментатар і канцэптуаліст, гэтым разам вырашыў скарыстацца прынцыпам французскага рэжысёра Жана Люка Гадара, які спачатку змантаваў свой знакаміты фільм "На апошнім дыханні" трохгадзінным, але потым выразаў усе кавалкі, якія яму не падабаліся. Тое самае зрабіў і Сяргей:
"Таму што трэба рабіць усё ж тое, што табе падабаецца, і пакідаць тыя кавалкі, якія так ці інакш могуць цябе зачапіць. Кампазіцыя цягнецца столькі, колькі мне цікава, колькі мне патрэбна. Ёсць кампазіцыі па сорак секунд. Але гэта кампазіцыя”, — тлумачыць музыка.
Другі момант, які характарызуе кружэлку Пукста — большасць яе песень запісаныя на расстроеным піяніна, што стаіць у кватэры яго маці. Адпаведна, гучанне трэкаў атрымала пэўны раздзяўбаны характар, які не зробіш наўмысна.
"Натуральна, што да мяне могуць узнікнуць пытанні наконт якасці запісу, — падазрае Сяргей. — Усё жыццё я чую размовы пра якасць, і пра тое, што мне трэба якасна запісацца. Я вельмі ад іх стаміўся. І лічу, што пошукі якасці вельмі часта вядуць да страты характару музыкі. Прынамсі, у маім выпадку атрымлівалася менавіта так. Таму я вырашыў не абцяжарваць сябе ніякімі абмежаваннямі і рабіць такі lo-fi. Галоўнае, што зразумелая ідэя таго, што я ствараю”.
Па словах Сяргея, альбом, у сувязі з асаблівасцямі гуказапісу, не можа быць прэзентаваны. Затое 13-га студзеня ў клубе Re:Public адбудзецца вялікі канцэрт музыкі, дзе ў адным месцы збяруцца ўсе асобы Пукста: уласна Сяргей Пукст, Pukstband і Георгій Дабро, які стане хэдлайнерам вечара. І ўпершыню сыграе вялікі гадзінны сольнік.