Праблемы прадпрымальнікаў адаб'юцца на спажыўцах
Каменем спатыкнення паміж уладамі і гандлярамі стаў найперш пункт 1.1 заканадаўчага акта, згодна з якім індывідуальным прадпрымальнікам дазваляецца наймаць на працу выключна сваякоў. Сітуацыю каментуе старшыня “Беларускага саюза прадпрымальнікаў” Аляксандр Патупа.
Аляксандр Патупа: “Пункт 1.1 трэба адмяніць — ён не пройдзе з 1 студзеня 2008 году. Так званае “зануленне наёмных працаўнікоў” не атрымаецца. Чыста тэхнічна да канца гэтага году не атрымаецца… Чыста тэхнічна.
У нас 190 тысяч прадпрымальнікаў. Ну, няхай сабе 100 тысяч пажадаюць перарэгістравацца — у нас няма такой прапускной здольнасці рэгіструючай сістэмы. Максімум — 10 тысяч у год. Хіба што гэтую колькасць жадаюць скараціць — гэта таксама вельмі небяспечна.
Калі “ў лоб” яго выканаць, мы прагназуем да 300 тысяч беспрацоўных — гэта таксама вельмі сур’ёзны аргумент, каб гэтага не рабіць”.
14 лютага прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта і прадпрымальнікі сустрэліся, каб абмеркаваць наступствы ўказу № 760. У якасці альтэрнатывы пункту 1.1 бізнесоўцы прапанавалі канцэпцыю мікрапрадпрыемстваў.
Праўда, калі з “зануленнем наёмных працаўнікоў” усё больш-менш зразумела, дык з мікрапрадпрыемствамі пакуль больш пытанняў, чым адказаў. Сутнасць гэтага эканамічнага феномену тлумачыць Аляксандр Патупа — здаецца, адзіны чалавек, у галаве якога існуе яснасць на гэты конт:
Аляксандр Патупа: “У гандлі да 2003 году можна было мець да 30 наёмных працаўнікоў. Гэта і былі насамрэч мікрапрадпрыемствы ў арыгінальнай форме.
Праблема ў тым, каб працэсы не мелі гвалтоўнага характару. Калі створаная сістэма будзе прывабнай, сучасныя іпэшнікі перарэгіструюцца з задавальненнем”.
Плануецца, што мікрапрадпрымальнікі змогуць наймаць да 15 працаўнікоў, у адносінах да іх будзе дзейнічаць прынцып абмежаванай адказнасці. Здаецца, прыватнікам гэты праект павінен быў бы падацца прывабным.
Але, згодна з меркаваннем Анатоля Шумчанкі, лідэра грамадскай арганізацыі “Перспектывы”, у Дзень усіх закаханых урад і бізнесоўцы абмяркоўвалі інтарэсы сярэдняга і вялікага бізнэсу, але не тое, у чым зацікаўленыя індывідуальныя прадпрымальнікі.
Анатоль Шумчанка: “Прадстаўнікоў індывідуальных прадпрымальнікаў на гэтай сустрэчы не было. У выніку непрадуманых захадаў дзяржавы і органаў кіравання у дурнях застанецца сама дзяржава. Людзі адаптуюцца да ўсяго.
Сёння з ценю выйшла шмат людзей — яны проста вернуцца ў мінулае. Фальшывыя накладныя, паднос тавараў… Калі дзяржава імкнецца да гэтага — значыць, такая ў яе роля, яе функцыя, яе мэта”.
Першыя ахвяры ўказу № 760 — прадпрымальнікі, якія гандлююць бытавой тэхнікай, вопраткай з футра і парфумай.
Паводле аднаго з пунктаў указу, рознічны гандаль складанай бытавой тэхнікай і вопраткай з натуральнага футра перастае быць відам дзейнасці, пры ажыццяўленні якой індывідуальныя прадпрымальнікі выплочваюць адзіны падатак.
Што ж да “парфумераў”, дык каб працягнуць бізнес, да 1 красавіка яны павінны будуць ліцэнзаваць гандаль прадукцыяй, што змяшчае спірт — а гэта ледзь не ўся дарагая парфума. Гадавая ліцэнзія каштуе 17 базавых велічынь — для буйных карпарацый дробязь, але для іпэшнікаў — рэальныя грошы.
Прадпрымальнікі, якія гандлююць парфумай на сталічным кірмашы “Імпульс”, перспектывы свайго бізнэсу ацэньваюць скептычна.
Прадпрымальнікі:
“Ведаеце, што? Я 10 гадоў таму працавала на “Дынама” — мы 7 долараў падатку плацілі на месяц. А зараз — колькі? І ім усё мала, мала і мала… Зараз прыбіраюць ваду”
“Будзе тое ж самае, што было за Саветамі: раней па блаце прывозілі “Чорную магію” і яшчэ там…”
“Значыць, некаму гэта выгодна. Столькі гадоў гандляваць вадой, і тут… Што там, акцызныя маркі збіраюцца ўвесці? Значыць, будзе каштаваць столькі ж, колькі ў крамах”.
“Усё пазнаецца ў параўнанні. Трэба крыху акунуцца ў гэта, каб зразумець — ці гандляваць сваім таварам, як раней, ці проста… умываць рукі”.
“Беларускі саюз прадпрымальнікаў” прапануе адсунуць абмежаванні ў гандлі складанай бытавой тэхнікай, вопраткай з футра і парфумай як мінімум да пачатку наступнага году. Грамадская арганізацыя “Перспектыва” рассылае чыноўнікам адкрытыя лісты.
Безнадзейная барацьба індывідуальных прадпрымальнікаў з бязлітасным ветраком дзяржавы працягваецца. Будзе працяг і ў гэтага рэпартажу.
Фота — photo.bymedia.net