Праблемы, з якімі сутыкаюцца каліноўцы ва Украіне — распавядае Павел Шурмей
Павел Шурмей, вядомы пад пазыўным "Дзядзька"
Немагчымасць атрымаць ВНЖ, аформіць банкаўскую картку, адкрыць ІП, афіцыйна працаўладкавацца — вось няпоўны спіс выклікаў, з якім сутыкаюцца беларусы, які цяпер жывуць ва Украіне. Прыкладна такі ж букет праблемаў маюць людзі, якія нядаўна былі ў шэрагах УСУ і ваявалі на фронце.
Чаму так адбываецца і дзе шукаць выхад з такой няпростай сітуацыі? Еўрарадыё паразмаўляла пра гэта з камандзірам палка Каліноўскага Паўлам Шурмеем, які зараз ладзіць сустрэчы з беларускімі дыяспарамі замежжа.
— Вы выступалі нядаўна перад прадстаўнікамі беларускай дыяспары Уроцлава, дзе заявілі, што беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы. Патлумачце, пра якія сацыяльныя гарантыі ідзе гаворка?
— Зараз, хутчэй за ўсё, будзе пытанне, чаму сем'і беларускіх добраахвотнікаў не атрымліваюць кампенсацыю, калі іхны хлопец загінуў? Я ўжо казаў, што, на жаль, калі сем'і жывуць у Беларусі ці ў Расіі Украіна лічыць, што гэтыя грошы пойдуць на карысць ворага. На жаль, зараз так.
— Што вы маеце на ўвазе ў дадзеным выпадку?
— Распавяду на ўласным досведзе. Я быў паранены, трапіў у шпіталь, потым у рэабілітацыйны цэнтр. Зразумела, што ўсё гэта адбываецца за кошт Украіны. Там ужо складана ўсё растлумачыць, як доўга цягнецца рэабілітацыя, наколькі цяжка параненыя. Гэта ўсё індывідуальна.
Акрамя гэтага, мы атрымліваем заробак, знаходзячыся на фронце, ці падчас ужо лекавання. Таксама ваяр атрымлівае кампенсацыю за раненне.
З гэтым ёсць праблемы, яны могуць затрымлівацца. Некаторым хлопцам, калі прайшоў год з моманту ранення, яшчэ не выплацілі кампенсацыю. Але ў сярэднім праз дзесяць — дванаццаць месяцаў пераводзяць грошы. У маім выпадку было менавіта так.
Магчыма, мне пашанцавала. Магчыма, там хтосьці пастараўся, каб я добрую думку нёс у масы.
— А праз што гэтыя затрымкі з выплатамі кампенсацый адбываюцца?
— Я не ведаю, шчыра кажу. Вось ёсць кейсы, калі паперы неналежным чынам былі пададзеныя. А гэта вельмі важна, таму што адлік вядзецца з моманту паланення і трапляння ваяра ў шпіталь. Трэба запоўніць так званую форму 100. Усе гэтыя паперы патрэбны, каб потым кампенсацыя была своечасова атрымана.
— Які заробак атрымліваюць добраахвотнікі палка?
— Я лічу, што ў нашай вайсковай часці там, дзе мы служым, плацяць лепш, чым у іншых частках Узброеных сіл Украіны, Нацгвардыі, Тэрабароны. Тут нават бывае такое стаўленне, што некаторыя ваяры прыязджаюць, магчыма, ведаючы пра гэтыя заробкі.
Магчыма, адразу для сябе ўсведамляюць, што яны могуць знаходзіцца ў Кіеве на гарнізоннай службе і атрымліваць тое ж самае, што хлопцы, якія непасрэдна бяруць удзел у баявой працы, але знаходзяцца каля фронту, выконваюць нейкія лагістычныя заданні, таксама рызыкуючы сваім жыццём.
Таму кажу — у нас умовы вельмі добрыя ў параўнанні з іншымі часткамі вайсковымі. Заробак мы атрымліваем, і яшчэ непаганы заробак. Пры параненні, не дай Бог, таксама ўсё, што належыць атрымліваем.
— А можаце ўдакладніць? Вы казалі, што трохі болей, чым у іншых частках. У якім памеры болей?
— Магу сказаць. Калі чалавек дакладна не ваюе на лініі сутыкнення, як мы кажам “на нулі”, не праводзіць там увесь час, а ўмоўна ў яго нейкая там тылавая пасада. Дык вось мы, у параўнанні, можам у 2,5 — 3 разы болей атрымліваць.
— Што скажаце наконт новага закона аб легалізацыі для дабраахвотнікаў? На форуме Астрожскіх яго рэзка раскрытыкавалі праваабаронцы. Паводле гэтага закона, легалізацыю можна атрымаць толькі праз тры гады пасля пачатку службы, і толькі пры ўмове, што дамова не скасоўвалася. Але калі дабраахвотнік хоча перайсці з аднаго падраздзялення ў іншае ў межах УСУ, дамову трэба перазаключаць. Як вы ставіцеся да такіх умоў?
— Мы яшчэ не ведаем, як ён працуе. Ён быў вось толькі прыняты. Я таксама лічу, што гаворка агулам пра тры гады на кантракце ва УСУ, а не ў адной вайсковай частцы.
На маю думку, калі ён зараз пачне працаваць так, як вы кажаце, то гэта выклікае шмат пытанняў, і яны яго будуць дапрацоўваць. Ну так, сапраўды непрыемна.
Як узгадвалася, добраахвотнікам трэба тры гады ваяваць, каб атрымаць легалізацыю, у той час як, напрыклад, ажаніўшыся на ўкраінцы, можна атрымаць від на жыхарства ўжо праз два гады.
Ці, напрыклад, правучыцца пяць гадоў ва ўніверсітэце, не рызыкуючы сваім здароўем і жыццём, атрымаць тыя ж правы.
— Я так разумею, што па законе тыя ваяры, што зараз на фронце, атрымаюць легалізацыю толькі ў лютым наступнага года?
— Крыху нават пазней. Нашы кантракты пачалі падпісваць канцом сакавіка 2022 года. То бок тыя, хто не перарваў кантракт, як Эрнэст [кіраўнік прэс-цэнтру палка імя Каліноўскага — Еўрарадыё], напрыклад. У яго тры гады будуць у канцы сакавіка наступнага года. Я пасля паранення ў мінулым годзе перарываў кантракт на пяць месяцаў, потым вярнуўся назад. У мяне яшчэ не будзе трох гадоў.
— Як вы самі лічыце, гэты закон неяк дадаткова стымулюе новых людзей прыходзіць у склад палку ці працягваць ваяваць?
— У нас шмат хлопцаў чакаюць, як закон на самой справе будзе працаваць. І ўсе жадаюць, каб ён усё ж нармальна працаваў. Яшчэ раз кажу, Украіна такая краіна, дзе, на маю думку, усё гэта будзе яшчэ дапрацоўвацца.
— Таксама пытанне наконт жыцця ветэранаў. Вось, напрыклад, мне праваабаронцы паведамлялі аб тым, што былым добраахвотнікам немагчыма адкрыць рахунак ва ўкраінскім банку, немагчыма абмяняць валюту праз беларускі пашпарт. То бок не прымаюць нават пасведчанні вайсковыя.
— На жаль, гэта так. Уласна сам сутыкаўся два разы з выпадкамі за аплату візы. У польскай амбасады дамова толькі з адным украінскім банкам, які можа прымаць аплату за паслугі.
І калі ты прыходзіш з вайсковым білетам, а табе кажуць — не, патрэбен толькі грамадзянін Украіны. Гэта дзіўна і непрыемна. Я выйшаў на вуліцу і знайшоў першага мужчыну з пашпартам, які мне дапамог зрабіць аплату. Ён яшчэ ледзьве скандал не зладзіў з гэтымі банкірамі.
Так, такая праблема існуе. Хаця зразумела, што нічога не залежыць ад гэтага касіра. Я проста даў яму грошы, а ён зрабіў гэты плацёж за мяне.
— Прыкладна тое ж самае расказваюць неваенныя беларусы, якія жывуць ва Украіне, якія не могуць вырашаць свае побытавыя пытанні пры сутыкненні з дзяржаўнымі інстытуцыямі.
— Гэта ўсё ёсць. Я не ведаю, чаму так адбываецца. Пры гэтым я не сутыкаўся з негатыўным стаўленнем да беларусаў.
Хтосьці скажа: “Дзядзька, ты бачыў сябе ў люстэрку? Хто што негатыўнае табе казаць будзе?”
Наконт праблемы набыцця валюты — не ведаю, я не сутыкаўся з гэтай праблемай. Пры гэтым зараз расіяне і беларусы не маюць магчымасці ў банках мець валютныя рахункі. Але калі ёсць від на жыхарства іншай краіны, то ўсе гэтыя пытанні здымаюцца.
— І гэта тычыцца аднолькава і замежнікаў з вайсковым бэграўндам, і грамадзянскіх з беларускім пашпартам.
— Так, магчыма, калі ў іх няма вайсковага білета, то ў іх нават яшчэ больш праблем застаецца. На жаль, усё гэта ёсць. Гэта ўсё вырашаецца. Толькі, на жаль, не хутка. І пра ўсё гэта трэба казаць, нават не проста казаць — крычаць, тады яны [праблемы] пачынаюць вырашацца.
— Хто павінен гэта вырашаць? У вашых прамовах вы кажаце, што добраахвотнікам недастаткова ўвагі надаюць дэмакратычныя сілы, Офіс Ціханоўскай. Што павінен быць там запыт з іх боку. Ці гэта павінны вырашаць усё ж афіцыйныя ўкраінскія ўлады?
— Было б вельмі добра, каб афіцыйныя ўкраінскія ўлады стварылі такія ўмовы адразу. Мы, беларусы, там ваюем і за ўсіх беларусаў кажам, што Лукашэнка — гэта не Беларусь, Лукашэнка — гэта не народ.
Напэўна, што і дэмакратычныя сілы павінны далучацца да падтрымкі. І калі ўладам Украіны не да добраахвотнікаў-іншаземцаў, то яны павінны грукацца і казаць: “Украінцы, там нам нашы хлопцы ваююць. Калі ласка, давайце мы створым патрэбныя ўмовы”.
— Што наконт праграм рэабілітацыі? Калі ты, напрыклад, звальняешся са службы, у цябе ёсць магчымасць лекавацца, адаптавацца да мірнага жыцця, пераадольваць ПТСР, калі ён ёсць?
— Я не магу на гэта вось прам зараз адказаць, бо ва Украіне хапае розных рэабілітацыйных ініцыятываў.
Пакуль ты знаходзішся на службе па дамове, там шмат чаго можна зрабіць, каб паправіць сваё здароўе. Я выбачаюся, гэта непрыемна можа, але ў нас так бывала, пра некаторых ваяроў маглі казаць, маўляў, такое пачуццё, што ты прыехаў здароўе паправіць.
Чалавек заходзіць на дамову, каб у хуткім часе сказаць, што я хворы. І яго лякуюць, ён на кантракце, атрымлівае заробак і месяца два-тры праводзіць у шпіталі, потым у яго рэабілітацыя. Пры гэтым чалавек ні разу не ездзіў на баявыя.
Проста так твае пабрацімы-ваяры не будуць казаць, што ты, хто прыехаў палекавацца сюды, а не на вайну.
Знаходзячыся на кантракце, ты можаш атрымаць нармальную медыцынскую дапамогу. І нават пасля сканчэння службы, калі ёсць праблемы.
Я ведаю, што ў краіне працуе шмат рэабілітацыйных ініцыятыў. Проста трэба ведаць, куды звяртацца. І гэта трэба рабіць. Не проста так сядзець на канапе і казаць: “Я сышоў паўгады таму з войска, мне зараз херова і я нікому не патрэбен”. Адна справа, калі ты не можаш з ложка ўстаць праз фізічны стан — гэта адно. А калі ты проста разумееш, што табе патрэбна падтрымка, то звярнуцца ёсць куды. І ёсць тыя, хто дапаможа.
— Яшчэ хацеў удакладніць тое, што вы казалі, што ёсць ваяры, якія падпісваюць дамову спецыяльна, каб адразу трапіць у шпіталь. Наколькі распаўсюджана такая практыка?
— Ёсць некаторыя выпадкі, гэта адзінкавыя гісторыі.
Але гэта прыклад таго, што знаходзячыся на кантракце ў выпадку беларускіх добраахвотнікаў, мы можам атрымаць добрую належную дапамогу і падтрымку ў лекаванні.
— Можаце патлумачыць, што адбылося з затрыманым КДБ экс-байцом ПКК Васілём Верамейчыкам? Чаму яму быў закрыты ўезд ва Украіну? Як гэта адбылося? Гэта адзінкавы кейс ці ёсць яшчэ прыклады?
— Таксама ёсць яшчэ некалькі ваяроў. І я сустракаўся з адным з іх. Зараз, калі вярнуся ва Украіну, буду мець больш інфармацыі па гэтай сітуацыі. Тыя людзі, з якімі “Пацук” [вайсковы покліч Верамейчыка — Еўрарадыё] канфліктаваў, канфліктавалі з іншымі байцамі, у тым ліку са мной. На пачатку лета 2022 года гэта пачалося.
І тыя людзі, якія мелі адносіны да адміністратыўна-тылавой працы палка. Хтосьці там шэрым кардыналам быў. На маю думку, яны скарысталіся сваімі магчымасцямі і арганізавалі яму забарону на ўезд. Магчыма, тое ж адбылося і з некаторымі іншымі хлопцамі.
І я думаю, па-добраму, з гэтым трэба было яшчэ раней разабрацца. Але так сталася, што зараз усё сабралася разам, і я думаю, што гэта, па-першае, у інтарэсах уладаў Украіны высветліць, як так адбылося і зрабіць так, каб больш ні ў кога не было нават думак выкарыстоўваць гэтыя свае сувязі. Ну ад мяне залежыць, каб гэта зрабілі хутчэй і наогул не забыліся дабіць справу.
— Праваабаронцы таксама лічаць, што праз складанае стаўленне да людзей з беларускім пашпартам, гэта будзе спрыяць таму, што людзі будуць з'язджаць. У тым ліку былыя вайскоўцы, валанцёры, актывісты розных ініцыятываў, якія маглі б дапамагаць УСУ так ці інакш. А што вы думаеце на гэты конт? Сапраўды так будзе?
— Падабаецца гэта каму, ці не падабаецца, але Беларусь для ўкраінцаў — гэта краіна-суагрэсар. Ці ўсё мы зрабілі для таго, каб гэтага стаўлення не было? Рытарычнае пытанне.
І тое, аб чым вы кажаце, гэта ёсць. Хлопцы і з'язджаюць з палка, каб аднавіць паперы, атрымаць польскі ці літоўскі від на жыхарства, пашпарт уцекача. І частка іх жадае вярнуцца назад. Ну гэта аб чымсьці кажа, правільна мы нешта робім, ці няправільна.
Зараз толькі пачынае ўсё наладжвацца. Ідзе праца, каб людзі маглі атрымліваць належныя паперы і не думаць аб тым, што вось зараз пашпарт скончыцца. І трэба ехаць у Польшчу, і там незразумела, год чакаць папер? І чым я буду гэты год займацца?
Мы намагаемся рабіць усё, каб такіх пытанняў не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.