Прадпрыемствам дрэваапрацоўкі адклалі пагашэнне крэдытаў яшчэ на 5 гадоў

Дзевяць дзяржаўных прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам" атрымаюць адтэрміноўку ў пагашэнні крэдытаў яшчэ на 5 гадоў. Адпаведнае рашэнне зацверджана ўказам №160 ад 9 красавіка 2015 года, паведамляе tut.by.

Фінансавая падтрымка дзяржпрадпрыемствам дрэваапрацоўкі пачалася ў 2007 годзе. Са згоды Аляксандра Лукашэнкі на працягу шасці гадоў крэдыты на агульную суму больш за 1 мільярд еўра атрымалі "Барысаўдрэў", "Віцебскдрэў", "Гомельдрэў", "Івацэвічдрэў", "Мастоўдрэў", "Рэчыцадрэў", "Фандок", "Магілёўдрэў" і "Мазырскі ДОК".

Тэрміны заканчэння мадэрнізацыі на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах неаднаразова пераносіліся і зрываліся. Камітэт дзяржкантролю выявіў шэраг парушэнняў пры правядзенні мадэрнізацыі. Дырэктар "Барысаўдрэва" Уладзімір Мальцаў нават трапіў пад суд. Лукашэнка падчас візітаў на дрэваапрацоўчыя вытворчасці раскрытыкаваў кіраўніцтва канцэрна "Беллеспаперапрам" за "шматлікія факты безгаспадарчасці, расхлябанасці, парушэнні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны".

Цяпер мадэрнізацыя на многіх прадпрыемствах завяршылася, але на іх моцна цісне крэдытная нагрузка. Новы ўказ №160 дазволіць прадпрыемствам атрымаць час для канчатковага разліку з банкамі. Такім чынам, Беларусбанк, Белаграпрамбанк, БПС-Сбербанк і Белінвестбанк могуць атрымаць выплаты па крэдытах праз 13 гадоў — у 2029-2030 гг.

Фота — sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі