Прадпрымальнікі атрымалі часовую перамогу над Мытным саюзам
На год перанесены тэрмін, калі набудзе моц дакумент Мытнага саюза, супраць якога страйкавалі прадпрымальнікі.
Гаворка ідзе пра тэхнічны рэгламент "Пра бяспеку прадукцыі лёгкай прамысловасці" для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Цяпер ён набудзе моц 1 ліпеня 2014 года. Пра гэта агенцтву БелаПАН распавёў лідар аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.
Па яго словах, гэтую інфармацыю паведаміў дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Аляксандр Груздоў. Адпаведная пастанова, падрыхтаваная сумесна Мінгандлю і Дзяржкамітэтам па стандартызацыі, павінна выйсці 21 чэрвеня.
Пастанова, кажа Шумчанка, не закране аптовых дылераў. А індывідуальныя прадпрымальнікі будуць абавязаныя інфармаваць пакупнікоў пра тое, што іх тавар не сертыфікаваны.
Нагадаем, што ў шэрагу гарадоў Беларусі прайшлі акцыі прадпрымальнікаў супраць новага тэхрэгламенту. Прадпрымальнікі лічаць, што ён нясе ім празмерныя страты. Яны нават пагражалі страйкамі і нявыплатай падаткаў.
Фота — t-styl.info