Затрыманы Анатоль Шумчанка, які шмат гадоў кіраваў аб'яднаннем прадпрымальнікаў
Анатоль Шумчанка / facebook.com
Затрыманы Анатоль Шумчанка, які шмат гадоў кіраваў рэспубліканскім аб'яднаннем прадпрымальнікаў "Перспектыва" (ліквідаванае ўладамі ў 2021 годзе). Як піша "Народная воля", адбылося гэта 21 лістапада. Яшчэ на мінулым тыдні Шумчанка атрымаў позву, а ў панядзелак паехаў у Баранавічы на допыт "у якасці сведкі". Паводле яго слоў, спачатку гаворка ішла пра нейкую праверку наконт абвінавачванняў вайскоўцаў. У мінулую пятніцу ў Анатоля Шумчанкі прайшоў ператрус, у яго забралі камп'ютар і тэлефон.
Выданне адзначае, што, ведаючы пра будучы допыт, Шумчанка пасля ператрусу мог паспрабаваць з'ехаць з краіны, але ён вырашыў застацца. Апошнім часам ён пісаў у сацсетках пра свае праблемы: актыўна шукаў працу, але няўдала.
Вядома, што Анатоль Шумчанка затрыманы да суда па адміністрацыйнай справе — "за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Сілавікі знайшлі спасылку на сайт, які цяпер "забаронены", якую Шумчанка перасылаў камусьці восем гадоў таму. Суд пройдзе па скайпе ў бліжэйшыя дні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.