Анатоль Шумчанка трапіў у рэанімацыю пасля каранавіруса
Кіраўнік аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка пасля каранавіруса быў накіраваны ў рэанімацыю, паведамляе грамадскі дзеяч у сацсетках.
Шумчанка піша, што сёння яму стала горш з-за праблем з сэрцам.
"Пераводзяць у рэанімацыю па сэрцы! Усе астатнія паказчыкі здаровыя. Лекар так і сказаў — здаровы. Будуць УГД сэрца рабіць. Без кіслароду вельмі складана дыхаць. Вось тая падступнасць, аб чым казаў: кавід вылечылі, а памрэш ад іншага ўскладнення. Дрэнныя справы, хоць учора ўсё было супер", — напісаў Шумчанка.
Раней у панядзелак ён паведаміў, што ізноў знаходзіцца пад кіслародам і дадаў, што "аптымізму ўсё менш і менш.
Шумчанка знаходзіцца ў шпіталі ўжо 21-ы дзень пасля таго, як захварэў каранавірусам. Ён рэгулярна распавядае ў сацсетках пра свой стан здароўя.
Раней Еўрарадыё паведамляла, што Вярхоўны суд па іску Мінюста ліквідаваў рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне прадпрымальнікаў "Перспектыва". Шумчанка заявіў, што не будзе аспрэчваць гэта рашэнне, а таксама спрабаваць зарэгістраваць новую арганізацыю бізнэсоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.