Прадстаўнік АБСЕ: Абмежаванне інтэрнэту падобнае да спальвання кніг
Журналісты, прадстаўнікі АБСЕ і ўлады абмерквалі праблемы абмежавання Байнэта.
Дзяржаўныя чыноўнікі сустрэліся ў панядзелак за круглым сталом з
прадстаўнікамі інтэрнэт-супольнасці, каб абмеркаваць праблемы Байнэта.
Сустрэча адбылася дзякуючы Офісу АБСЕ ў Беларусі і асабіста прадстаўніку
АБСЕ па пытаннях свабоды слова Дуньі Міятавіч. Менавіта яна,
распачынаючы дыскусію наконт праблем і перспектыў развіцця Байнэту,
звярнула ўвагу на небяспеку абмежавання свабоды слова, якая выцякае з
прэзідэнцкага ўказа №60 “Аб рэгуляванні інтэрнэту”.
Дунья Міятавіч: "Я
разлічваю і спадзяюся на тое, што заканадаўства ў гэтай галіне будзе
пэўным чынам змененае. З тым, каб было магчыма спрасціць той сур’ёзны і
ўскладняючы эфект, які сёння гэтае заканадаўства мае ў адносінах да
правоў самавыяўлення грамадзян у рэжыме онлайн. Асабліва напярэдадні
выбараў прэзідэнта Беларусі, прызначаных на 19 снежня".
На думку Дуньі Міятавіч, абмежаванне Інтэрнэту падобнае да спальвання кніг.
Афіцыйны
бок на круглым стале прадстаўлялі Мінінфармацыі, Мінсувязі, МУС,
супрацоўнікі аналітычна-прававога цэнтра пры прэзідэнце.
Насупраць
чыноўнікаў селі правайдары, рэдактары інтэрнэт-СМІ, журналісты,
прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, АБСЕ і госць з Масквы —
дырэктар Інстытута праблем інфармацыйнага права Андрэй Рыхтар.
Менавіта ён нагадаў, што Беларусь у свой час абавязалася выконваць
дакументы, прынятыя ААН і Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў
Еўропе датычна свабоды слова.
Андрэй Рыхтар: “У Хартыі
Еўрапейскай бяспекі АБСЕ, прынятай у 1999 годзе, прынятай пры актыўным
удзеле Беларусі, гаворыцца, што: “Мы пацвярджаем значнасць незалежных
сродкаў масавай інфармацыі і свабодных патокаў інфармацыі, а таксама
доступу грамадскасці да інфармацыі. Мы бярэм на сябе абавязкі па
стварэнні ўмоў функцыянавання незалежных сродкаў масавай інфармацыі і
бесперашкоднага транспамежнага і ўнутрыдзяржаўнага патокаў інфармацыі”.
На
яго думку, прыняты ў Беларусі закон і шэраг пастаноў урада накіраваныя
на абмежаванне свабоды слова. У якасці прыкладу прафесар прывёў
неабходнасць ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг у кавярнях і
клубах, незаконнасць ананімнага атрымання і распаўсюду інфармацыі,
рэгістраваць дамены ў зоне .BY, падаваць паслугі аддаленага доступу ў
межах аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ды шмат іншага. А ёсць яшчэ і
норма, згодна з якой дзяржаўныя ўстановы будуць адключацца ад сайтаў са
“шкоднай і незаконнай інфармацыі”
Андрэй Рыхтар: “Праблема
гэтай нормы ў тым, што вызначэнне шкоднай і незаконнай інфармацыі
даецца ў заканадаўстве Беларусі такім чынам, што дапускае прававую
нявызначанасць катэгорый. Яны не сфармуляваныя з дастатковай дакладнасцю
і не дазваляюць грамадзяніну рэгуляваць свае паводзіны, прадбачыць
магчымыя наступствы той ці іншай сітуацыі”.
На думку
расійскага адмыслоўца, беларускія законы ў галіне Інтэрнэту маюць вельмі
шмат недахопаў і абмяжоўваюць свабоду меркаванняў і свабоду СМІ.
Такі аналіз пакрыўдзіў прадстаўніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Сяргея Краўцова, і ён адказаў расійскаму спецыялісту ў стылі “паглядзіце, як у вас”.
Сяргей Краўцоў: "Дыскусіі
наконт кібер-бяспекі і абмежавання правоў прыватнага жыцця ідуць да
гэтага часу з моманту стварэння Інтэрнэту. Аднак хачу адзначыць, што ў
Беларусі не забіваюць журналістаў, як гэта бывае ў нашых суседзяў. Таму
мяркую, што тыя меры, якія прымаюцца ў Беларусі для таго, каб Інтэрнэт
быў адкрытым, напэўна — правільныя!"
А
далей прызнаў, што рэгуляваць сеціва дзяржава імкнецца. Але не ўвесь
Інтэрнэт, а толькі свой сегмент — Байнэт. І ўсё, кажа ён, што для гэтага
робіцца з дапамогай указаў і пастаноў, толькі на карысць гэтаму
сегменту і свабодзе слова ўвогуле. А хто супраць такога пазітыўнага
развіцця Байнэту — адкажа па законе. Краўцоў прызнаў, што распрацаваны
законапраект аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне артыкулаў указа
№60. Да прыкладу, за сеткі, сістэмы і рэсурсы, размешчаныя за мяжой,
калі паслугі аказваюцца беларускім грамадзянам.
А намеснік начальніка Ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Ігар Пармон
папракнуў правайдараў, грамадскасць і журналістаў тым, што яны хаваюцца
і не бяруць удзелу ў распрацоўцы заканадаўства ў сферы Інтэрнэту.
Ігар Пармон: “Спатрэбіліся
намаганні Савета Еўропы, каб сабраць нас за адным сталом, каб кожны
выказаўся. Сядзяць прадстаўнікі прэсы, канспектуюць у нататнік. А на мой
погляд, яны павінны былі раней за ўсіх сабраць нас альбо разам, альбо
паасобку апытаць. Слабы інтарэс прэсы да гэтай тэматыкі”.
Гэтая заява вымусіла даволі жорстка выказацца дырэктара “Надзейных праграм” Юрыя Зісера з крытыкай таго, як у нас прымаюцца законы.
Юрый Зісер: “Шмат
якія рэчы нават не тлумачацца. Спачатку прымаюць нейкі дакумент, ён
звальваецца аднекуль зверху, невядома адкуль. А потым думаеш пра тое,
што там за кожным пунктам стаіць, і толькі праз некалькі месяцаў
прыходзяць нейкія тлумачэнні. У нас усе гэтыя новаўвядзенні ўводзяцца
дэкрэтамі, указамі, пастановамі, а не законапраектамі”.
Дыскутавалі
доўга і шмат. Да прыкладу, чыноўнікаў Мінсувязі пыталіся, навошта было
страшыць людзей пагрозай скласці “чорны спіс сайтаў”, каб у выніку
вывесіць яго пустым. Апынулася, каб кожны запоўніў яго самастойна. І
гэтак далей.
На думку намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, тое, што такая сустрэча адбылася, добра, але выніку з яе не будзе.
Андрэй Бастунец: “Казаць,
што пасля гэтага круглага стала пачнуцца кансультацыі дзяржавы з
прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ці бізнэс-супольнасці ў гэтай
галіне, — нешта я ў гэта не веру”.
Паводле
яго словаў, чыноўнікі шмат казалі пра барацьбу з кібер-злачыннасцю, але
пакідалі ў сваіх выступах па-за ўвагай пытанні свабоды слова, свабоды
СМІ, права грамадзян на атрыманне інфармацыі.
Фота: Змітра Лукашука