Праект закону адраснай дапамогі згубіўся недзе ў кабінеце прэзідэнта?

Міністэрствы, якія распрацоўвалі праект, не ведаюць, якім ён будзе. Але дакладна вядома, што вязнем канцлагераў ільготы не вернуць. Апошнімі праект указа бачылі ў Міністэрстве сацыяльнай абароны і працы два тыдні таму, адкуль і накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Што датычыцца працоўнай групы ( у склад якой уваходзілі 23 прадстаўніка розных міністэрстваў, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў), то яна трымала праект у пачатку ліпеня.

Але нават спецыяліст упраўлення па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны і працы Таццяна Касцюковіч, не можа расказаць, для каго прадугледжана адрасная сацыяльная дапамога. Які варыянт падпіша прэзідэнт будзе вядома толькі 16 снежня.

Таццяна Касцюковіч: Да яго падпісання мы не маем права даваць ніякіх каментарыяў. Ён цяпер знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. Можа яны вам і дадуць нейкі каментарый. Міністэрства сацыяльнай абароны і працы з’яўляецца толькі распрацоўшчыкам, у якім выглядзе праект закону цяпер ніхто не ведае.

На пытанне Еўрарадыё, ці праўда, што вязням фашысцкіх канцлагераў вернуць іх ільготы, Таццяна Касцюковіч заверыла нас, што нічога пра гэта не чула. Нягледзячы на тое, што БРСМ і Міністэрства адукацыі ўваходзілі ў працоўную групу, аднак, размаўляць на гэту тэму яны адмаўляюцца.

Прыёмная БРСМ: Мы зараз вам скажам адно, а падпішуць зусім іншае.

Намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раман Дапіра апошні раз бачыў праект указа ў чэрвені. Тады ён і расказаў Еўрарадыё, што ў першым варыянце праекта ўказа студэнтам была прадугледжана штомесячная выплата ў памеры 28 тысяч рублёў. Аднак не ўсе распрацоўшчыкі праекта згадзіліся з гэтай лічбай.

Раман Дапіра: Гэта лічба і павялічвалася, і памяншалася. Я нічога не магу вам сказаць, бо нават не бачыў апошніх варыянтаў дакументаў: членам працоўнай групы іх не выдавалі. Калі мы раней працавалі, то нам на электронную пошту пастаянна скідвалі праект указа, але з пачатку ліпеня гэта перасталі рабіць. Інфармацыя атрымліваецца закрытай, таму мы пачынаем альтэрнатыўны рух, і будзем выступаць за павелічэнне памера кампенсацый за наём жылля для студэнтаў.

Еўрарадыё вырашыла дазнацца, ці ведаюць ВНУ, што ім давядзецца выплачваць адрасную сацыяльную дапамогу, бо зараз фармуецца бюджэт універсітэтаў. Мы патэлефанавалі ў прэс-цэнтр БДУ. Вольга Шчадрына (начальнік прэс-службы) сказала, што ніякіх выплат студэнтам не плануецца.

Вольга Шчадрына: Пакуль ні ў бухгалтэрыі, і нідзе няма дакументаў, якія б сведчылі аб тым, што мы будзем кампенсаваць страту льгот. А можа яшчэ і з’явіцца? Я не ведаю.

У рэктараце БДПУ і БНТУ пра гэта чулі, але пакуль ніякіх распараджэнняў на гэты конт не паступала.

Цікава, але ў Нацыянальным цэнтры законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце праект закону адраснай сацыяльнай дапамогі таксама ніхто не бачыў і не ведае, чаго чакаць у хуткім часе студэнтам і іншым малазабяспечаным катэгорыям. Усё залежыць ад прэзідэнта, рашэнне якога давядзецца чакаць да 16 снежня.

Фота — www.buntby.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі