Праграміст зарабляе ўсяго ў два з паловай разы болей, чым калгаснік

Сярэдні заробак на студзень-травень гэтага года па краіне склаў 686 тысяч рублёў. Гэта крыху больш за 300 долараў. Але ў сярэднім па краіне даход для больш чым 40 адсоткаў насельніцтва не перавышае 300 тысяч рублёў на аднаго чалавека. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як жывуць тыя, хто зарабляе больш за ўсіх, і тых, хто — найменей.

Самымі аплочваемымі лічацца нафтаперапрацоўчая галіна, інфармацыйныя тэхналогіі, дзяржслужачыя, а таксама топ-мэнэджмент. Іх сярэдні заробак больш за мільён рублёў (глядзі табліцу).

У прыватнай размове з праграмістам адной з буйных мінскіх IT-кампаній, Еўрарадыё высветліла, што зарплаты яму хапае, каб штотыдзень адпачыць у добрым рэстаране ці боўлінг-клубе. Але на машыну і кватэру трэба збіраць.

Кацярына Вечар, дырэктар кадравага агенцтва “Секрет успеха” адмовілася называць заробкі топавых пазіцый па заработнай плаце.

- Спецыялісты ў фінансавай сферы. Галоўныя бухгалтары запатрабаваныя і добра аплочваюцца. Спецыялісты па кіраўніцкім уліку. Маркетынг-дырэктары, фінансавыя дырэктары зарабляюць добрыя грошы. Тыя ад чыйго прыняцця рашэнняў залежыць эфектыўнасць кампаніі, яе працягласць жыцця і прыбытак.

Але па інфармацыі “Камсамолкі”, у Мінску найбольш вялікую заработную плату ў 2006 годзе атрымлівалі фінансавыя дырэктары і рэгіянальныя мэнэджэры па продажах. Іх заробкі ад 1000 да 2500 долараў.

Будаўнікі - у сярэдзіне спісу заробкаў Беларусі. Спіс Мінскага цэнтра занятасці перапоўнены вакансіямі для будаўнікоў. Спецыяліст па сувязях з грамадкасцю ўпраўлення занятасці Мінгарвыканкама Іна Сямёнава кажа, што цяпер ёсць каля 350 вакансій муляра. Ім прапануецца зарплата 800, 700 тысяч, гэта вышэй за сярэднебеларускі заробак.

Заробкі ў лёгкай прамысловасці, сельскай гападарцы, ахове здароўя, адукацыі і культуры – самыя малыя.

Бухгалтар Музея культуры і гісторыі Беларусі Лена адказала, што сярэдні заробак работнікаў складае 500 тысяч рублёў. Яна ж атрымоўвае 400. Адпрацуе яшчэ месяц, і будзе пераводзіцца на больш аплочваемую працу. Жыве з бацькамі, якія цалкам бяруць камунальныя выдаткі на сябе. А пра размеркаванне бюджэту дадае:

- Неяк расцягваю. Адпачыць ніяк, але апрануцца магчыма.

Пра адпачынак калег кажа:

- Адпачываюць у межах Беларусі. Хто ў вёсцы, хто на лецішчы.

Трапіць у Егіпет ці Еўропу нерэальна:

- Канешне, не. Пра што вы гаворыце!

Дырэктар Дома культуры Смаргоні мае стаж з больш за 20 гадоў. Распавядае пра заробкі сваіх супрацоўнікаў:

- Тэхнічны персанал (прыбіральшчыцы, вахцёршы) атрымоўваюць каля 250 тысячаў. Мая намесніца, якая вядзе выключна культурніцкую працу, атрымоўвае каля 500 тысячаў. Але гэта як які месяц. Я як дырэктар, зразумелая справа, - трохі вышэй. Гэта можа быць сума каля 600 тысяч.

Пра адпачынак кажа:

- Як правіла летам дзеці ездзяць у лагеры.

Сталая працаўніца калгасу «Авангард» Магілёўскай вобласці распавядае Еўрарадыё, што ў пазамінулым годзе ёй удалося адпачыць нават у Крыме.

- Дзесь 500 тысяч зарплата. А ў сярэднім каля 400. У пазамінулым ці ў мінулым годзе, не - ў пазамінулым годзе у Мікалаеўцы адпачывала. З 500 тысяч – складана жыць. Калі б два члены сям’і і кожны па 500 тысяч — дык можна нешта набыць. А калі адзін і тры члены сям’і - складана. З новых рэчаў сабе не купляла, але дачка атрымала кватэру. Ёй дапамагала набываць.

Статыстыка паказвае, што 50 адсоткаў месяцовага прыбытку кожнай сям’і ідзе на набыццё ежы і аплату камунальных паслуг.

Сярэднемесячны заробак ў Беларусі па асобных галінах эканомікі за травень 2007 года

Галіна эканомікі

Заробак за травень, тыс. рублёў

Рабочыя і служачыя

705

Прамысловасць:

763

- Электра энергетыка

909

- Нафтаперапрацоўчая галіна

1432

- Чорная металургія

1235

- Хімічная

1119

- Машынабудаванне

762

- Лёгкая

471

- Медыцынская

773

Сельская гаспадарка

422

Транспарт

811

Сувязь

755

Будаўніцтва

873

Гандаль і грамадскае харчаванне

559

IT – сфера

1085

Жыльлёва-камунальная гаспадарка

653

Ахова здароўя

589

Адукацыя

544

Культура

552

Навука

885

Усяго

686


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі