Пракуратура лічыць віну экс-дырэктара "Барысаўдрэва" цалкам даказанай

Пракурор Мінскай вобласці Алег Лаўрухін 4 лютага пракаментаваў для журналістаў справу экс-дырэктара "Барысаўдрэва". Па словах пракурора, якія перадае БЕЛТА, віна Уладзіміра Мальцава цалкам даказаная. Лаўрухін мяркуе, што трэба казаць аб правале мадэрнізацыі на прадпрыемстве.

Пракурор нагадаў, што Мальцаў атрымаў меншае пакаранне, чым прасіла дзяржабвінавачанне. "Што датычыць нашай афіцыйнай пазіцыі, то ў пракуратуры цвёрдая перакананасць, што віна дадзенай асобы ў здзяйсненні інкрымінаванага злачынства цалкам даказаная", — заявіў Лаўрухін.

Як паведамляла Еўрарадыё, гаворка пра "справу Мальцава" ішла падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 29 студзеня 2015 года. Кіраўнік Беларусі заявіў: "Мальцаў пакідае добрае ўражанне. Але ён кіраўнік і ведаў недахопы. Я яму асабіста паставіў задачы і сказаў — ты павінен зрабіць гэта. Зрабіў? Не. Дапусціў растраты? Адказвай".

Нагадаем, што экс-дырэктара "Барысаўдрэва" асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за  дзеянні, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, а таксама пацягнулі цяжкія наступствы. Акрамя таго, Мальцаў павінен кампенсаваць "Барысаўдрэву" суму больш за 1,9 млрд рублёў.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі