Пракуратура пачала крымінальныя справы на супрацоўнікаў "Беларусьфільма"

Пракуратура пачала крымінальныя справы на супрацоўнікаў "Беларусьфільма"

Пракуратура Першамайскага раёна Мінска пачала дзве крымінальныя справы на службовых асобаў РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", якіх падазраюць у крадзяжах шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Начальніка вытворчага комплексу і начальніка аддзела падазраюць у тым, што яны ўнасілі ў табелі ўліку працоўнага часу заведама ілжывыя звесткі. Такім чынам яны змаглі скрасці грошы.

Акрамя таго, сёлета ў снежні органы пракуратуры пачалі некалькі іншых крымінальных спраў па фактах крадзяжоў, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, атрыманні хабару.

Выканаўцу абавязкаў дырэктара аднаго з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук падазраюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Пракуратура лічыць, што чыноўнік паставіў за мяжу заведама няспраўнае і неадпаведнае дамовам абсталяванне. Шкода ад яго дзеянняў ацэньваецца ў суму, большую за 190 тысяч долараў.

Пракурор Смаргонскага раёна пачаў крымінальную справу на дырэктара камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства. Яго падазраюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Па звестках праваахоўнікаў, ён прадаў індывідуальнаму прадпрымальніку два незаконна спісаныя збожжаўборачныя камбайны. Шкода ад яго дзейнасці ацэнтьваецца на суму, большую за 28 тысяч рублёў.

Пад крымінальны пераслед трапілі і чыноўнікі са сферы адукацыі. Дырэктар адной з установаў Гомельшчыны, як падазраюць, даваў незаконныя ўказанні падначаленым, каб яны афармлялі фіктыўныя дакументы пра набор навучэнцаў у навучальныя групы. Неправамерныя выдаткі на гэтае фіктыўнае навучанне  ацэньваецца больш чым на 11 тысяч рублёў.

Пракурор Глыбоцкага раёна пачаў крымінальную справу на былога начальніка аддзела адукацыі райвыканкама. Чыноўнік даў перавагі прыватнаму будаўнічаму унітарнаму прадпрыемству пры заключэнні дагавораў падраду. За гэта будаўнікі паставілі плот на яго зямельным участку і правялі рамонт у кватэры яго сына.

Крымінальныя справы накіраваныя ў падраздзяленні Следчага камітэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі