"Прапануем уладзе ўвесці мараторый на год і паглядзім, як зменіцца сітуацыя"

"Предложим власти ввести мораторий на год и посмотрим, как изменится ситуация"

13 снежня ў Мінску праходзіць другая па ліку міжнародная канферэнцыя "Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка". Як пераканаць улады краіны і яе грамадзян адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання, калі яны таго не жадаюць? У гасцях Еўрарадыё дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні.

— 10 сакавіка вы прыязджалі ў Мінск на першую канферэнцыю па адмене смяротнага пакарання. З якімі спадзяваннямі вы тады ад’язджалі з Беларусі?

— У нас кажуць "Надзея памірае апошняй", таму мы з Саветам Еўропы працуем над тым, каб пераканаць улады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Што я магу сказаць? Мы працуем над гэтым. Надзея заўсёды застаецца. Мы хацелі б пераканаць улады ў тым, што неабходна прыйсці да адмены смяротнага пакарання, таму, што жыццё — гэта святое права кожнага.

— Якім чынам можна дамагчыся ад уладаў хоць нейкай краіны ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, калі ўлады гэтага не хочуць?

— Я тут акурат для гэтага. Мы стараемся пераканаць, стараёмся даказаць, што смяротнае пакаранне, згодна з даследаваннямі, не прыносіць належнага выніку. І таму наша мэта — прыйсці хоць бы да мараторыя. Таму што калі нам удасца пераканаць прыняць мараторый, то наступны крок — поўная адмена смяротнага пакарання. Мы ведаем, што ў заканадаўстве Беларусі пакаранне смерцю запісана як часовае і прамежкавае рашэнне. Ёсць яшчэ паняцце "грамадскае меркаванне", з якім мы таксама збіраемся працаваць. Таму што мы разумеем, што з боку грамадскасці ёсць нейкае недобразычлівае стаўленне да злачынцаў, да зняволеных, і людзі могуць імкнуцца да свайго роду вендэты. На наш погляд, з гэтым трэба працаваць.

— Аргумент пра тое, што наяўнасць смяротнага пакарання не дазваляе пазбегнуць жорсткіх злачынстваў, не раз выказвалі беларускім уладам, але яны не прыслухоўваюцца. Такое адчуванне, што яны прынцыпова не хочуць адмяняць смяротнае пакаранне. На ваш погляд, чаму?

— Мы ведаем, што ў Беларусі праводзіўся рэферэндум, дзе насельніцтва выказалася за смяротнае пакаранне, і разумеем, што ўрад павінен прыслухоўвацца да меркавання свайго народа. Але мы абараняем правы чалавека і лічым, што права на жыццё — гэта фундаментальнае права кожнага. І мы хочам працаваць таксама з грамадскай думкай. Мы хочам паказаць народу, што акрамя смяротнага пакарання існуюць іншыя варыянты пакарання. І некаторыя з іх могуць быць значна больш сур'ёзнымі, як, напрыклад, пажыццёвае зняволенне. Я разумею, што гэта працэс не хуткі. Мараторый дазваляе не прыпыніць смяротнае пакаранне, але хаця б прыпыніць яго выкананне. І толькі наступным крокам будзе поўнае яго скасаванне. Але працэс запушчаны і прагрэсуе.

— Нядаўна стала вядома, што ў Беларусі прывялі ў выкананне тры смяротныя прысуды, трох чалавек расстралялі. Ці стала для вас гэта нечаканасцю і ці было жаданне адмяніць свой прыезд сюды? Маўляў, ну пра што з гэтымі людзьмі гаварыць, калі яны ўсё адно прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды?

— Гэта здарылася некалькі дзён таму, якраз у той момант, калі мы рыхтаваліся да прыезду. Ну, што я магу сказаць... Гэта вялікая дылема для Савета Еўропы. Вы ведаеце, што Беларусь уяўляе сабой "чорную дзірку" на мапе Еўропы — ад Рэйк'явіка да Уладзівастока ўсе прадстаўленыя ў Савеце Еўропы, Беларусь — не прадстаўлена.

З аднаго боку, мы можам сказаць сабе: ну што, мы іншая краіна, у нас свае праблемы, а яны там хай займаюцца, чым хочуць. І кожны будзе сядзець у сябе і займацца сваімі справамі. Альбо мы можам прыехаць і выказаць сваю пазіцыю, уступіць у дыялог, сказаць, што мы з гэтым не згодныя. Вось мая пазыцыя. Мы, тым не менш, павінны гэтую пазіцыю заяўляць, адстойваць і пераконваць.

— Звычайныя беларусы думаюць так: "Вось адменім мы смяротнае пакаранне і ўвядзём мараторый. І што гэта дасць нашай краіне? Ну, нейкі імідж на міжнароднай арэне, і што? Што гэта дасць Беларусі, калі заўтра, напрыклад, мы зробім мараторый?

— Нам бы хацелася прапанаваць уладам увесці мараторый дэ-юрэ на год і паглядзець, як зменіцца сытуацыя, як паставіцца да гэтага грамадскасць, якія выгоды з гэтага можа атрымаць Беларусь. Але я не хачу пазбягаць пытання. І, адказваючы, якія выгоды Беларусь можа атрымаць, я магу сказаць, што канкрэтных выгод, магчыма, іх і няма, але Беларусь адкрые перад сабой новыя магчымасці. Можа быць, новыя эканамічныя магчымасці. Мы не займаемся эканомікай, але разумеем, што, застаючыся апошняй краінай, дзе яшчэ ёсць смяротнае пакаранне, Беларусь не паляпшае сваё становішча.

 — Можа быць, улады выконваюць гэтыя смяротныя прысуды, рыхтуючыся да ўвядзення мараторыя? Маўляў, вынесеныя прысуды выканалі, а далей можам пагаварыць і пра мараторый.

— Гэта пытанне або заўвага?

— Што вы мяркуеце?

— Што тычыцца гэтай сітуацыі, не магу ацаніць. Мне складана сказаць. Мы не глядзім назад, мы глядзім наперад. Мы абсалютна ўпэўненыя, што ўвядзенне мараторыя — пазітыўны момант для Беларусі ў будучыні. Тое, што адбылося, — вядома, сумна, але мы ўжо не можам гэтага змяніць.

— Напрыканцы пытанне некалькі іншага характару. У краіне прайшлі парламенцкія выбары. Як вы іх ацэньваеце? Апазіцыя быццам бы з'явілася ў парламенце... Можа быць, гэта таксама крок наперад?

— Я думаю, у гэтым няма сумневу. Вы ведаеце, што я курырую дасье Беларусі і што мы дзейнічаем у трох напрамках: дэмакратыя, абарона правоў чалавека і павага да законаў. Думаю, заканадаўства дзейнічае для ўсіх. Пытанні дэмакратыі не толькі для Беларусі актуальныя. Гэта датычыцца ўсіх краін Савета Еўропы, нават Італіі. Мяркую, дэмакратыя — гэта не тое, што можна заваяваць і пасля гэтага нічога не рабіць. Гэта працэс, і вельмі многія краіны маюць з гэтым цяжкасці і знаходзяцца пад наглядам Еўрасаюза. Некаторыя краіны маюць патрэбу ў дапамозе ў ажыццяўленні гэтых дэмакратычных працэсаў.

Мы адзначылі, што станоўчыя змены на выбарах былі. Мы бачылі, што кандыдатаў стала больш, што былі розныя прадстаўніцтва недзяржаўных арганізацый, і ім далі магчымасць збору подпісаў. І цяпер мы ведаем, што ў парламенце сапраўды ўпершыню, напэўна, за многія гады ёсць прадстаўнікі апазіцыі, прычым гэта яшчэ і жаночае прадстаўніцтва. Што таксама немалаважна і вельмі цікава. Але мы ведаем, што паводле беларускага заканадаўства парламент не мае вялікіх паўнамоцтваў, у адрозненне, напрыклад, ад нас. У нас парламенцкая рэспубліка, усе заканадаўчыя акты праходзяць праз парламент і павінны атрымаць яго адабрэнне. Мы ведаем, што ў Беларусі не так. А вы ведаеце, што ў нас саміх цяпер крызіс ўрада. У чацвер трэба вотум даверу выказваць, і без гэтага нічога не адбудзецца. То бок, у нас свая сістэма, у вас — свая. Ёсць яшчэ і іншыя заканадаўчыя сістэмы. Але станоўчыя моманты ёсць. Мы з задавальненнем гэта адзначаем і можам толькі сказаць, што дэмакратыя збудаваная крок за крокам.

— Вы не будзеце цяпер з Лукашэнкам сустракацца?

— Не думаю. Я тут толькі з-за канферэнцыі, але магу паведаміць дзве навіны. Першая: у студзені ў Страсбургу будуць праходзяць слуханні, куды мы запросім і прадстаўнікоў Беларусі, і прадстаўнікоў апазіцыі. І такім чынам зможам прадставіць розныя пазіцыі: афіцыйную і неафіцыйную. І другая навіна: я планую скончыць мой даклад па Беларусі ў красавіку або, можа быць, крыху пазней. І для гэтага, я думаю, прыеду яшчэ раз у Беларусь — ужо канкрэтна для вывучэння. Гэта значыць будзе арганізавана група прадстаўнікоў міжнародных. І, можа быць, у гэты мой прыезд я змагу яшчэ раз з вамі сустрэцца.

— Дзякуй вялікі, спадар Рыгоні, за інтэрв’ю.

— Грацыя!

Фота Алеся Пілецкага​

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі