Прататып беларускай вакцыны супраць каранавіруса ўжо гатовы — кіраўнік НАН
У НАН Беларусі разлічваюць ужо ў гэтым годзе прыступіць да глыбокіх даклінічных выпрабаванняў вакцыны / БЕЛТА
Прататып беларускай вакцыны супраць каранавіруснай інфекцыі ўжо гатовы, заявіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў у інтэрв'ю БЕЛТА.
Цяпер ідуць лабараторныя даследаванні і папярэднія даклінічныя выпрабаванні на дробных жывёлах. Пасля выпуску доследна-прамысловай партыі пачнуцца глыбокія даклінічныя выпрабаванні. Гэта таксама павінна здарыцца ўжо ў гэтым годзе.
"Пасля завяршэння даклінічных выпрабаванняў пяройдзем на клінічныя даследаванні", — сказаў Гусакоў. Але тэрмінаў з'яўлення беларускай вакцыны на рынку ён не назваў. Толькі адзначыў, што гэтая "вакцына бяспечная, добра пераносіцца і не выклікае пабочных эфектаў". Акрамя таго, яна здольная стымуляваць выпрацоўку антыцелаў супраць каранавіруса "на ўзроўні не ніжэйшым за сусветныя аналагі".
Нагадаем, на гэты момант беларусам даступныя для вакцынавання супраць COVID-19 чатыры прэпараты: тры расійскія ("Спутник V", "Спутник Лайт" і "Кавівак"), а таксама кітайскі "Vero Cell". Прычым апошні атрымаў ухвалу СААЗ. Раней беларускія чыноўнікі дапускалі з'яўленне ў Беларусі і вакцыны Pfizer, у верасні 2021 года кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў, што перамовы пра гэта вядуцца. Аднак на нядаўні запыт журналістаў аб ходзе перамоваў у ведамстве адказалі, што ў найбліжэйшай перспектыве пастаўкі іншых вакцын "не чакаюцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.