Праўкі ў выбарчае заканадаўства дапрацуюць да канца лета

Такія вынікі сённяшняй нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Яны прысвячалася запланаваным зменам у Выбарчым кодэксе.



Пра асноўныя навіны законапраекта на нарадзе распавяла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Па яе словах, якія перадае БЕЛТА, вялікая частка змен датычыць выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Іх прапануецца праводзіць у адзін тур пры захаванні цяперашняга бар'ера яўкі выбарцаў. Пераможцам будзе кандыдат, які набраў хаця б на адзін голас больш за канкурэнта. У акруговых выбаркамах плануецца ўвесці чальца камісіі з правам дарадчага голасу пры правядзенні парламенцкіх выбараў.



Таксама прапануецца ўвесці забарону на байкот выбараў і змяніць парадак фінансавання перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты і дэпутаты. Кандыдатам у прэзідэнты і дэпутаты ўсіх узроўняў даецца права ствараць асабістыя фінансавыя фондаыў за кошт уласных сродкаў, а таксама сродкаў грамадзян і юрыдычных асоб. Такое права ў наш час закон дае толькі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і кандыдатам у прэзідэнты.



У сувязі са спыненнем бюджэтнага фінансавання агітацыйных выдаткаў Ярмошына прапанавала ў 5 разоў павялічыць гранічныя памеры фінансавых фондаў кандыдатаў у прэзідэнты — з 3 тысяч да 15 тысяч базавых велічыняў, а кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — у тры разы (да 3 тысяч базавых велічыняў). Пры гэтым прапануецца, што грамадзянін, які зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу на прэзідэнцкіх выбарах, зможа адкрыць рахунак у банку для выбарчага фонду з моманту рэгістрацыі гэтай групы.



Ідэю падтрымаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч. "Сёння, калі збіраюць подпісы, гэта пытанне ў прынцыпе ніяк не ўрэгуляванае. Калі будзе зарэгістраваны фонд, туды паступяць сродкі, і, адпаведна, будзе сістэма кантролю. Гэта пэўная ступень празрыстасці", — адзначыў чыноўнік.



Старшыня Мінаблвыканкаму Барыс Батура, наадварот, мяркуе, што фонд трэба ствараць толькі пасля рэгістрацыі кандыдата: "Ён павінен даказаць, што заслугоўвае стаць кандыдатам. Мне здаецца, было б лагічна ствараць фонд пасля рэгістрацыі".



У выніку кіраўнік дзяржавы і астатнія ўдзельнікі нарады сышліся на тым, каб павялічыць толькі максімальны памер выбарчых фондаў на прэзідэнцкіх выбарах у 3 разы. Акрамя таго, прынцыпова не адкінутая прапанова пра тое, каб даць права ствараць выбарчыя фонды з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі