Правілы карыстання надзіманымі дзіцячымі горкамі ўрад распрацуе да 1 жніўня

4 траўня ў Горках моцны парыў ветру перакуліў надзіманую горку, дзе каталіся 9 дзяцей. У выніку дзеці атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. А прадпрымальніка-ўладальніка атракцыёна затрымалі і распачалі крымінальную справу за неналежнае аказанне паслуг. Праз два месяцы пасля здарэння следства яшчэ не скончанае.

“На заключнай стадыі знаходзіцца шэраг экспертных даследаванняў, — каментуе начальнік аддзела Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. — У тым ліку, па самім надзіманым гульнявым абсталяванні. Таксама эксперты мусяць канчаткова вызначыць цяжкасць траўм яшчэ траіх дзяцей. Бо ў аднаго хлопчыка быў пералом дзвюх рук, а ў адной дзяўчынкі пералом таза. Вызначыць цяжкасць іх траўм можна будзе толькі, калі яны цалкам адновяцца”.

Прадпрымальнік, імя якога не называецца, цяпер выпушчаны пад залог. Справа заведзена па частцы першай 338 артыкулу крымінальнага кодэксу "Выкананне прац або аказанне паслуг, якія не адказваюць патрабаванням бяспекі", бо ў Беларусі папросту не існуе правілаў карыстання такімі атракцыёнамі.

“Урад адрэагаваў на прапанову Следчага камітэта і даручыў гэтую справу Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, Міністэрству адукацыі і іншым дзяржаўным структурам, — працягвае Сяргей Кабаковіч. — Ужо да першага жніўня будзе прыняты адпаведны тэхнічна-нарматыўны прававы акт, дзе будзе рэгламентаваная эксплуатацыя падобнага надзіманага гульнявога абсталявання”.

Следчыя дакладна вызначылі, што надзіманая дзевяціметровая горка перавярнулася з-за таго, што не была замацаваная на зямлі. На думку Кабаковіча, каб пазбегнуць такіх здарэнняў, проста неабходна ладзіць рэгулярнае тэставанне такіх горак і праводзіць кантроль іх устаноўкі.

“На нашу думку, неабходная і наяўнасць эксплуатацыйных дакументаў (фармуляр, пашпарт), бо ёсць абсталяванне, якое ўжо адслужыла пэўны тэрмін і стала непрыдатным, але існуе верагоднасць, што яно ўсё роўна будзе выкарыстоўвацца, — пералічвае магчымыя новаўвядзенні супрацоўнік Следчага камітэту. — Мусіць быць і адпаведны персанал, які азнаёмлены з інструкцыямі па бяспецы ды ведае,як усталёўваць такія атракцыёны”.

Пакуль правілы карыстання такімі атракцыёнамі не з’явіліся, мясцовым уладам ды ўласна бацькам рэкамендавана быць больш пільнымі. Напрыклад, перад тым, як пусціць дзіця на горку ці батут, пытацца ў прадпрымальніка пра тэхпашпарт ды на ўласныя вочы правяраць, ці добра замацаваны атракцыён.

Нагадаем, надзіманы батут у Горках перакуліўся каля 17-й гадзіны 4 траўня. Ён знаходзіўся на дзіцячай пляцоўцы ў двары аднаго з жылых дамоў па вуліцы Вакзальная. У момант, калі горка перакулілася, на ёй знаходзілася 7 дзяцей ва ўзросце ад 2,5 да 10 гадоў, яшчэ двое стаялі побач. Усіх іх шпіталізавалі з траўмамі рознай ступені цяжкасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі