Прэм'ер Кабякоў распавёў, якія перспектывы крыптавалют у Беларусі
Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў распавёў, якія перспектывы крыптавалют у Беларусі. Паводле яго слоў, задача іх выкарыстання ва ўнутраным абарачэнні не ставіцца. Як інфармуе БЕЛТА, Кабякоў выказаўся пра крыптавалюты 2 лютага ў Алматы на пленарным пасяджэнні міжнароднага форуму “Лічбавы парадак у эпоху глабалізацыі”.
Беларускі прэм’ер нагадаў прысутным, што ў Беларусі нядаўна быў прыняты дэкрэт № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, які ўрэгуляваў пытанні, звязаныя з выкарыстаннем крыптавалют. “Мы не разглядаем пытанне пра тое, каб дапусціць крыптавалюты ў нашым унутраным абарачэнні, — гаворыць Андрэй Кабякоў. — Такая задача не ставіцца. Мы проста паспрабавалі ўрэгуляваць адносіны па асноўных інструментах — тэхналогіі блокчэйн, майнінгу, выкарыстанню крыптавалют”.
Прэм’ер падкрэсліў, што гэта робіцца ў рамках Парку высокіх тэхналогій. “Адзінае, калі там будзе штосьці сур’ёзнае атрымлівацца, то мы будзем вырашаць, як гэта рэалізаваць і на сваім унутраным рынку”, — адзначыў Кабякоў.