Прэм’ер Сідорскі сыходзіць, яго заменіць Навумаў? — “Коммерсантъ”

Кіраўнік Беларусі прыняў рашэнне адправіць у адстаўку прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Пра гэта піша ў суботнім нумары маскоўская газета “Коммерсантъ”. Цалкам перадрукоўваем артыкул у перакладзе на беларускую мову.
Як стала вядома “Коммерсанту”, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне адправіць у адстаўку кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага. Указ аб гэтым можа быць абнародаваны ў бліжэйшыя дні. Новы прэм’ер павінен будзе пачаць прыватызацыю, якая можа адкрыць расійскаму бізнесу дарогу ў нафтахімічны сектар краіны.

Чуткі пра тое, што крэсла пад спадаром Сідорскім хістаецца, ходзяць у Мінску ўжо некалькі месяцаў. Аднак толькі ў апошнія дні пра яго будучую адстаўку загаварылі як пра амаль вырашанае пытанне.

Па інфармацыі “Коммерсанта”, указ аб адстаўцы кіраўніка беларускага ўраду Сяргея Сідорскага з фармулёўкай “у сувязі з пераходам на іншую працу” падпісаны прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ на мінулым тыдні.

“Папера гатовая. Яна ляжыць на стале прэзідэнта і днямі можа быць абнародаваная”, — паведаміла інфармаваная крыніца ў беларускім кіраўніцтве.

“Я чуў пра тое, што Сідорскага павінны перавесці на іншую працу, — пацвердзіў у размове з карэспандэнтам “Коммерсанта” дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол. — Зрэшты, можна колькі заўгодна гадаць, але ніводзін чыноўнік альбо прэс-сакратар ніколі наперад не асведамлены ў тым, якое рашэнне ў выніку прыме кіраўнік дзяржавы: ён ведае і разумее больш, чым любы іншы чыноўнік”.

Наконт магчымых прычынаў будучага звальнення спадара Сідорскага ў Мінску выказваюцца розныя версіі. Адна з іх — планавая ратацыя. Аляксандр Лукашэнка вядомы тым, што з перыядычнасцю раз у два-тры гады змяняе старшыню савета міністраў краіны.

Гэта дапамагае яму не дапусціць празмернага ўзмацнення фігуры прэм’ер-міністра. На гэтым тыдні спадар Лукашэнка вельмі шчыра заявіў: “Я прэзідэнт краіны і іншых цэнтраў сілы не пацярплю”. Сяргей Сідорскі працуе на пасадзе прэм’ера з 2003 года і па беларускіх мерках лічыцца доўгажыхаром.

“Ён дастаткова доўга знаходзіцца на гэтай пасадзе, і пад яго рыхтуецца асаблівы рэжым звальнення. Трэба, каб Лукашэнка адчуў у ім канкурэнта, альбо павінны быць відавочнымі сурёзныя зніжэнні эканамічных паказчыкаў”, — сказаў “Коммерсанту” кіраўнік беларускага навукова-даследчага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

З апошняй версіяй згодная і рэдактар апазіцыйнай мінскай газеты “Народная воля” Святлана Калінкіна: “Наш першы прэм’ер Міхаіл Чыгір сам сыходзіў у адстаўку з-за нязгоды з палітыкай Лукашэнкі, пасля яго пасадзілі. Усе яго пераемнікі станавіліся ахвярамі.

Калі ў краіне складвалася цяжкая сітуацыя — рост інфляцыі, падзенне заробкаў, — Лукашэнка імі ахвяраваў. Зараз эканамісты прадбачаць крах беларускай эканомікі, праўда, простыя людзі пакуль гэтага не адчуваюць, бо ўлады жорстка рэгулююць цэны”.

Кабінету Сідорскага зараз і сапраўды складана пахваліцца эканамічнымі поспехамі. На гэтым тыдні міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі апублікавала звесткі па гандлёвым балансе рэспублікі.

Карціна аказалася несуцяшальнай: высветлілася, што за перыяд са студзеня па травень 2007 года ў краіне сфармавалася адмоўнае сальда знешняга гандлю з 1450,7 мільёнаў долараў, што амаль удвая больш, чым у аналагічны мінулагодні перыяд.

Раней важную долю ў беларускім экспарце займаў гандаль нафтапрадуктамі, якія былі вырабленыя з расійскай нафты. Але ў другім паўгоддзі бягучага года пастаўкі сыравіны з Расіі рэзка скараціліся, а за імі папаўзлі ўніз і экспартныя паказчыкі, якія зараз блізкія да нуля.

Няўдачы пераследуюць спадара Сідорскага і ў перамовах з Масквой па пытанні аплаты расійскага газа. У адпаведнасці з дамоўленасцямі паміж Расіяй і Беларуссю, у першым паўгоддзі Мінск аплачваў толькі 55 долараў за 1 тысячу кубаметраў з запісаных у кантракце 100 долараў.

Бакі дамовіліся, што рэшту — 45 долараў — Беларусь пагасіць, узяўшы міжурадавы крэдыт у Расіі. Але дамовіцца пра льготны крэдыт з расійскім Мінфінам Сяргею Сідорскаму так і не ўдалося.

А паколькі “Газпром” аплаціў 12,5% акцый ААТ “Белтрансгаз”, пералічыўшы за гэта 625 мільёнаў, у манаполіі чакалі, што гэтыя грошы вернуцца расійскаму канцэрну ў якасці платы за пастаўлены газ.

Аднак беларускія ўлады не спяшаюцца пералічваць грошы, а замест гэтага на бягучым тыдні ў Маскву для перамоваў з “Газпромам” аб адтэрміноўцы плацяжоў прылятала дэлегацыя топ-менеджэраў “Белтрансгаза” пад кіраўніцтвам гендырэктара ААТ Дзмітрыя Казакова.

Паводле звестак “Коммерсанта”, бакі так і не змаглі дамовіцца і было вырашана працягнуць перамовы на наступным тыдні. Не выключана, што ад іх вынікаў і будзе залежыць лёс Сяргея Сідорскага.

Пералічаных эканамічных няўдачаў зусім дастаткова, каб выклікаць незадавальненне Аляксандра Лукашэнкі. Сварыцца з Масквой напярэдадні падпісання новых пагадненняў па газе яму не выпадае.

Наадварот, паводле інфармацыі “Коммерсанта”, улады Беларусі, каб выправіць адносіны з Расіяй, плануюць пачаць прыватызацыю некаторых аб’ектаў у нафтахімічнай галіне. Яшчэ ў 2003 годзе спадар Лукашэнка цвердзіў, што не дазволіць “жулікам скупіць беларускія прадпрыемствы”.

Аднак нядаўна ён змяніў тон, заявіўшы, што прыватызацыйным працэсам усё ж будзе дадзены старт, але яны будуць насіць “кропкавы характар”.

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін пацвердзіў “Коммерсанту”, што Мінск зацвердзіў спіс прадпрыемстваў для продажу. Прыватызацыі падлягаюць такія гіганты, як “Белнафтахім”, некаторыя НПЗ, а таксама прадпрыемствы па вытворчасці ўгнаенняў.

“Згаданыя аб’екты выклікаюць жывы інтарэс у расійскага бізнэсу, і бліжэйшым часам па іх павінны адбыцца тэндэры”, — паведаміў спадар Барадзін, які патлумачыў, што прадавацца будуць не прадпрыемствы цалкам, а толькі долі ў іх.

Кіраваць будучымі прыватызацыйнымі працэсамі давядзецца, хутчэй за ўсё, не Сяргею Сідорскаму, а ўжо новаму кіраўніку ўраду. У якасці магчымага пераемніка цяперашняга прэм’ера ў кулуарах называюць кіраўніка МУС Беларусі Уладзіміра Навумава.

На гэтым тыдні ён узмацніў свае пазіцыі — выйшаў пераможцам у жорсткай апаратнай схватцы з кіраўніком КДБ Сцяпанам Сухарэнкам. Апошні быў звольнены спадаром Лукашэнкам і заменены кіраўніком службы бяспекі прэзідэнта Юрыем Жадобіным.

Дэпутат Дзярждумы РФ Канстанцін Затулін у размове з “Коммерсантам” не выключыў магчымасці замены спадара Сідорскага на спадара Навумава. Апошнія перастаноўкі ў беларускім кіраўніцтве ён назваў “рэформамі без рэформаў”, якія вельмі характэрныя для Аляксандра Лукашэнкі.

“Гэта звычайнае ператасоўванне кадраў для стварэння бачнасці пераменаў. Прэм’ер ніколі не быў у Беларусі другім чалавекам, у адрозненне ад іншых дзяржаваў. Калі Уладзімір Ярмошын пачаў узмацняцца на пасадзе кіраўніка ўраду, Аляксандр Лукашэнка яго тут жа зняў”, — нагадаў парламентар.

Улічваючы, што новаму прэм’еру яшчэ давядзецца курыраваць распродаж пакетаў акцый дзяржпрадпрыемстваў, адным з галоўных крытэраў пры выбары наступнага кіраўніка ўраду для беларускага лідэра з’яўляецца яго некарумпаванасць.

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка любіць паўтараць, што чыноўнікі не павінны сумяшчаць працу і камерцыйныя справы. Прадстаўляючы на днях новага кіраўніка КДБ, напрыклад, ён заявіў: “Калі асобныя (супрацоўнікі КДБ — “Коммерсантъ”) будуць уладкоўваць свае камерцыйныя справы ў камітэце, то я рукі паадрубаю да плячэй”.

У гэтым сэнсе ўраджэнец Смаленску Уладзімір Навумаў вельмі падыходзіць прэзідэнту — ён заўсёды эксплуатаваў вобраз непрымірымага змагара з карупцыяй.

“Намі выяўлена звыш 3000 карупцыйных злачынстваў, з іх больш за палову крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і службовага падлогу. Кожны чацвёрты выкрыты — кіраўнік прадпрыемства, арганізацыі альбо вытворчасці”, — хваліўся міністр сваімі высілкамі ў нядаўнім інтэрв’ю часопісу “Саюзная дзяржава”.

Уладзімір Навумаў таксама вядомы сваім баявым мінулым. На Захадзе яго лічаць саўдзельнікам знікненняў прадпрымальніка Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе і аператара ОРТ Змітра Завадскага ў 2000-м. А ў ходзе мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў кіраўнік МУС асабіста санкцыянаваў жорсткі разгон апазіцыйных выступленняў у Мінску.

Дзякуючы гэтым заслугам ён патрапіў у складзены ЕС і ЗША чорны спіс беларускіх чыноўнікаў, чые замежныя рахункі замарожаныя і каму забаронены ўезд у краіны Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Владимир Соловьев. Александр Лукашенко сдает кадры // Коммерсантъ, 2007, 21 ліпеня, № 128.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі