Прэм’ера песні “Не засынай” гурта Navi (відэа)

Напярэдадні сольнага канцэрта ў “Графіці” музыкі гурта Navi завіталі ў студыю “Еўрарадыё”, каб прэзентаваць новую беларускамоўную песню “Не засынай”. Таксама яны распавялі пра сюрпрызы, якія чакаюць усіх наведвальнікаў імпрэзы.

Еўрарадыё: На канцэрце будзе прэзентаваны кліп. Што за ён?

Арцём Лук’яненка: Усе нашыя кліпы нам здымае нашыя сябры, шчыры дзякуй ім за гэта, Зміцер Ляўкоўскі ды Маша Манакова. Дзіма папрасіў сказаць, што робіць гэта за вялікія грошы (смяюцца). Яны з Акадэміі мастацтваў, яны адпетыя… яны за ідэю, ім цікава, яны могуць суткамі манціраваць ды здымаць.

Ксенія Жук: Дзіма можа ў тры гадзіны ночы даслаць кавалачак відэа. Яму трэба заўтра на вучобу, а ён сядзіць і манціруе.

Арцём Лук’яненка: Прычым Маша крыўдзіцца, калі ён без яе нешта робіць, таму ён цішком гэта робіць і дасылае (усміхаецца).

Ксенія Жук: Гэта ўсё так па-сяброўску, так шчыра! Вельмі класна, калі людзей аб’ядноўвае ідэя, а не толькі сяброўства.

Арцём Лук’яненка: Мы насамрэч каманда, мы сябе самі называем цыганамі. Ну і ўсё ж пра кліп: будзе ён на песню “Далеко”, якая выходзіла сінглам і была такім эксперыментам. Складана сказаць пра яе стыль, бо там і трып-хоп ёсць і ўсё ёсць.Хоць у прынцыпе так можна сказаць пра ўсе нашыя песні. У кліпе паказаны горад Мінск: дамы, людзі, рух і невялічкая рамантычная гісторыя.

Ксенія Жук: Таму што было б неяк няправільна, калі б хлопчык і дзяўчынка не гуляліся б у каханне.

Арцём Лук’яненка: Тым, хто жыве ў Мінску, думаю, будзе цікава пазнаць знаёмыя месцы, пабачыць цікавыя ракурсы.

Ксенія Жук: Толькі не спрабуйце паўтарыць маршрут, па якім мы хадзілі, бо людзі наўрад ці так ходзяць (смяюцца). Там усё нейкімі коламі, але прыгожа. Атрымаўся прыгожы восеньскі гарадскі кліп.

Еўрарадыё: Што, апроч кліпа, будзе на канцэрце?

Арцём Лук’яненка: Канцэрт —адныя сюрпрызы! Па-першае, мы будзем выконваць песні, якія не выконвалі яшчэ. Мы зрабілі два каверы на песні вядомых музыкаў, але яны цалкам адрозніваюцца ад арыгіналаў і ад кавераў на гэтыя песні іншых музыкаў. Гэта таксама нешта кшталту эксперымента. Будзем граць новую беларускамоўную песню. І будзем знаёміць усіх з новым удзельнікам нашага гурта.

Еўрарадыё: Хто гэта?

Арцём Лук’яненка: Ну, завуць яго Федзя! А хто ён, на чым грае, напэўна, пакуль казаць не будзем.

Ксенія Жук: Казаць загадзя не хочацца, хочацца, каб прыйшлі і ўбачылі ўсё на ўласныя вочы. Ён вельмі дапаўняе нас, гэта варта ўвагі!

Таксама музыкі распавялі пра свае музычныя захапленні, будучы альбом, планы на супрацоўніцтва са знакамітымі музыкамі і шмат чаго іншага. Падрабязнасці неўзабаве на нашым сайце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі