Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Змей нет” ад RETROELEKTRO

Мінскі пост-панк гурт RETROELEKTRO скончыў працу над другім альбомам. Вытрымаўшы паўзу ў два гады пасля распаду каманды ў 2012 годзе, сёлета музыкі абвясцілі пра сваё вяртанне сінгламі “Байконур”  і “Давайте будем жить” .

Сінгл “Змей нет” завяршае “трылогію” і стане апошнім рэлізам перад выхадам альбома. 

“Гэтая песня — адзін з ключавых сюжэтных момантаў, — тлумачыць лідар гурта Цім Эрна. — А яшчэ яна вельмі прыгожая, адна з самых лірычных на пласцінцы. Дарэчы, у новым альбоме лірыкі будзе больш”. 

Другі альбом гурта атрымаў назву “Ева”, у яго ўвойдзе 10 кампазіцый. Альбом атрымаўся больш “жывым” у параўнанні з першым “электронным” альбомам — у “Еве” музыкі задзейнічалі піяніна і скрыпку. Пакінуўшы ў мінулым канцэпцыю “балаганчыка, маньяка Бураціна і яго сябра П’еро”, якія былі ў першым альбоме каманды “Буйство красок”, RETROELEKTRO ствараюць новую канцэпцыю. Гэтым разам музыкі вырашылі звярнуцца да персанажаў Старога Запавету — Адама і Евы.

“Нас зацікавіла, што было б, калі б Адама і Еву змясціць ва ўмовы сучаснай рэчаіснасці. Нам стала цікава, як менавіта Ева навучылася адрозніваць дабро ад зла, што менавіта яна зразумела і што адбылося ў той момант. І мы змясцілі Адама і Еву ва ўмовы ваеннага канфлікту. Гэта можа быць і трэцяя сусветная вайна, і любыя іншыя, больш лакальныя падзеі”.

Нягледзячы на тое, што ўсе кампазіцыі пласцінкі звязаныя адным сюжэтам, кожная з іх будзе гучаць як самастойны твор, абяцаюць музыкі. Прэзентацыя альбома “Ева” запланаваная на 12 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі